Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖСАКРАТАР ЗША КОЛІН ПАЎЭЛ ПРАДСТАВІЎ ГАДАВУЮ СПРАВАЗДАЧУ Ў СПРАВЕ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА ЗА 2002 ГОД


Алеся Сёмуха, Вашынгтон

Спэктар праблем вагаецца ад асобных несымптаматычных парушэньняў да фундамэнтальных сыстэматычных перасьледаў правоў чалавека. Падчас прэзэнтацыі дакумэнту перад журналістамі, Колін Паўэл сказаў, што гэты дакумэнт будзе мець моцны ўплыў на карэктыроўку замежнай палітыкі ўраду ЗША.

Частка справаздачы прысьвечаная Беларусі, займае 31 бачыну. У справаздачы падрабязна выкладзеныя факты палітычна матываванага перасьледу рэжымам Лукашэнкі асоб, арганізацый і сродкаў масавай інфармацыі.

Сёлетняя справаздача адзначае, што за апошні год сытуацыя з правамі чалавека ў Беласусі сур’ёзна пагоршылася ў некалькіх сфэрах, напрыклад, у сфэры права грамадзян на зьмену ўраду. Сярод іншых сфэр пагаршэньня палітычнага клімату адзначаныя незаконныя ператрусы, арышты палітычных апанэнтаў і катаваньні падчас утрыманьня ў турмах. Судовыя перасьледы і турэмныя пакараньні журналістаў за быццам паклёп ахарактарызаваныя як чарговы спосаб абмежаваньня свабоды слова і прэсы. Сярод такіх пакараных у закрытых судовых працэсах названыя журналісты “Пагоні” Павал Мажэйка, Мікола Маркевіч і рэдактар газэты “Рабочы” Віктар Івашкевіч. Справаздача адзначае шырокае ўжываньне ў судовых працэсах сфабрыкаваных абвінавачаньняў і адмову падабаронным у працэсуальных правох, як права на апэляцыю ці адваката, як у выпадках з прафэсарам Гомельскага дзяржаўнага медінстытуту Эрыям Бандажэўскім ці са старшынём БНФ Вінцуком Вячоркам.

Асобна адзначаецца ўвод у дзеяньне закону пра рэлігійныя арганізацыі , які сур’ёзна абмяжоўвае права на свабоду веравызнаньня і надзяляе Расейскую Праваслаўную царкву фінансавымі і ідэалягічным прывілеямі за кошт іншых рэлігій.

Асобная ўвага ў справаздачы надаецца мэтадам, якімі рэжым Лукашэнкі ўтрымлівае ўладу і ўзьдзейнічае на апанэнтаў. Як асноўныя сілавыя рычагі называюцца КГБ і МУС, якія непасрэдна падпарадкоўваюцца прэзыдэнту, а таксама прэзыдэнцкая ахова, якая, як адзначае справаздача, працягвае гвалтоўны перасьлед палітычных апанэнтаў Лукашэнкі. Памагатымі ў гэтым ланцугу рэпрэсіўнага апарату названыя таксама судовая сыстэма і выканаўчая вэртыкаль.

Сёлетняя справаздача багатая на дэталі і імёны. Геаграфію палітычных перасьледаў папоўнілі імёны з Горадні, Гомеля, Барысава ды іншых гарадоў і мястэчак.Таксама сёлета больш увагі ў справаздачы надаецца актывізацыі прарасейскіх нацысцкіх груповак і перасьледу нацыянальнай культуры і мовы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG