У зьвязку з тым, што Чэхія разам з шэрагам былых сацыялістычных краінаў рыхтуецца далучыцца да аб’яднанай Эўропы, на парадку дня былі пэрспэктывы новых дэмакратыяў у Эўразьвязе. Але зараз, пасьля таго, як асноўныя парамэтры далучэньня ўжо практычна ўзгодненыя, гаворка ішла таксама пра ролю новых дэмакратыяў у адносінах Эўропы з суседзямі.
Асновай для дыскусіі стала прамова старшыні Эўракамісіі Рамана Проды наконт ініцыятывы для новых суседзяў і пляны Эўразьвязу ў дачыненьні да краінаў СНД, у прыватнасьці, Беларусі. Гюнтэр Вэргойген заявіў, што гэтая праграма пакуль знаходзіцца ў стадыі падрыхтоўкі і блізкім часам будзе прадстаўленая на разгляд Эўракамісіі. Як мяркуецца, асноўным тэзісам праграмы будзе падтрымка працэсаў дэмакратызацыі ў краінах, якія мяжуюць з Эўразьвязам. Менавіта ў нармальных добрасуседзкіх адносінах з, напрыклад, Беларусьсю, Украінай ды Расеяй бачыць Эўразьвяз і гарантыю свайго нармальнага разьвіцьця.
Натуральна, закраналася і пытаньне далейшага пашырэньня Эўразьвязу. Гюнтэр Вэргойган адзначыў, што тыя 10 краінаў, якія зараз далучаюцца да аб’яднанай Эўропы, мусяць прайсьці даволі доўгі шлях, каб іхныя эканамічная сытуацыя і структуры грамадзтва наблізіліся да сярэднеэўрапейскіх. На ягоную думку, гэты працэс можа расцягнуцца на 15-20 гадоў. У дачыненьні какрэтна да Беларусі, Расеі і Ўкраіны Гюнтэр Вэргойген сказаў:
“У дадзены момант гэтае пытаньне неактуальнае. Я насамрэч ня ведаю, што менавіта адбудзецца ў аддаленым будучым, але ў найбліжэйшай будучыні, як мяркуецца, будзе створанае так званае “кола сяброў”, якое будзе ахопліваць самыя розныя дзяржавы на межах Эўразьвязу – ад Расеі да Марока. У рамках гэтага кола мы будзем распрацоўваць самыя розныя формы супрацоўніцтва, і нават самае шчыльнае супрацоўніцтва. Магчыма, напрыклад, стварэньне зоны вольнага гандлю, мытнага саюзу, магчыма, нават увядзеньне элементаў агульнага вольнага рынку – вялікая колькасьць самых розных праектаў можа быць рэалізаваная ў межах разьвіцьця нашага супрацоўніцтва. Але пакуль ніхто ня можа дакладна сказаць, якім будзе канчатковае рашэньне наконт палітычнай геаграфіі Эўразьвязу”.