3-я пяхотная дывізія выйшла на рубеж 50 кілямэтраў на паўднёвы захад ад Багдаду, пераадольваючы супраціў ірацкай рэспубліканскай гвардыі на мосьце праз Эўфрат ля гораду Хіндыя.
Хуткі наступ амэрыканскага войска застаў гвардзейцаў зьнянацку. Сапёры здолелі своечасова перакусіць дрот, які вёў да замінаванага моста. На другім беразе амэрыканцаў сустрэў больш арганізаваны супраціў. Насустрач амэрыканскім танкам на мосьце памчалі ірацкія аўтамабілі. Паколькі пагроза самазабойчых актаў была вядомая, танкавыя гарматы расстрэльвалі аўтамашыны, і неўзабаве ля дарогі дымілася каля тузіна абгарэлых карпусоў. Вайскоўцы зноў сутыкнуліся з выкарыстаньнем жывых шчытоў.
Падпалкоўнік Эрык Візьлі, які камандуе баявой групай 2-й брыгады, паведаміў Радыё Свабода, што жанчыны і дзеці былі сьвядома выкарыстаныя як жывыя шчыты, каб дазволіць ірацкім вайсковым грузавікам зьмяніць пазыцыі на ўсходнім баку моста. Амэрыканская вайсковая разьведка спрабуе здабыць фатаграфічныя доказы, каб пацьвердзіць гэтыя зьвесткі.
Падпалкоўнік Вэсьлі станоўча ацаніў вынікі сёньняшняй апэрацыі. Задача – зьнішчыць сілы рэспубліканскай гвардыі ля гораду Хіндыя – амаль цалкам выкананая. Паводле папярэдніх дадзеных, каля ста гврадзейцаў забітыя, 18 чалавек захопленыя у палон, у тым ліку ірацкі падпалкоўнік. Адзін амэрыканскі інжынэр паранены ў нагу.
З пазыцый ля Хіндыі амэрыканская артылерыя можа абстрэльваць танкі ірацкай гвардыі на паўднёвым захадзе Багдаду, якія утвараюць абарончае кола вакол сталіцы.