Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА БЕЛАРУСКА-ПОЛЬСКАЙ МЯЖЫ ЗНОЎ ШМАТКІЛЯМЭТРОВЫЯ ЧЭРГІ


Алег Супрунюк, Берасьце

Правесьцi супольную калегiю кiраўнiкi дзяржаўных мытных камiтэтаў Расеi й Беларусi плянавалi ў Берасьцi яшчэ на пачатку году. Менавiта тады была скончаная рэканструкцыя пункту пропуску “Казловiчы” — самага буйнога грузавога аўтапераходу на беларуска-польскай мяжы. Гэта пераход абслугоўвае больш за 60% аўтамабiляў, што накiроўваюцца празь Беларусь на Захад.

Паводле агучаных зьвестак, рэканструкцыя аўтапераходу ў Казловiчах абышлася ў 7 мiльёнаў даляраў, выдаткаваных з так званага саюзнага бюджэту. Мiж тым, кiраўнiк мытнага камiтэту Беларусi Аляксандар Шпiлеўскi сёньня пацьвердзiў, што Беларусь мае магчымасьць атрымаць яшчэ 16 мiльёнаў эўра ад Эўракамiсii на будаўнiцтва новага грузавога тэрмiналу паблiзу Казловiчаў. Грошы будуць выдаткаваныя ў рамках праекту ТАCIS пры ўмове, што Беларусь падрыхтуе сёлета ўсе неабходныя дакумэнты.

Пра неабходнасьць такога тэрмiналу сьведчыць цяперашняя сытуацыя на беларуска-польскай мяжы. Лiтаральна за некалькi апошнiх дзён чэргi грузавых аўтамабiляў зноў расьцягнулiся на некалькi дзясяткаў кiлямэтраў. Прычым большасьць машынаў накiроўваюцца праз гэтую мяжу ў Расею.

Адначасова на прэсавай канфэрэнцыi старшыня Дзяржаўнага мытнага камiтэту Расеi Мiхаiл Ванiн абверг зьвесткi пра аднаўленьне мытнага кантролю на беларуска-расейскай мяжы. Паводле ягоных словаў, чэргi на на мяжы памiж дзьвюма краiнамi створаныя ня мытнiкамi, а супрацоўнiкамi транспартнай iнспэкцыi.

Гэтая структура мае на расейскай тэрыторыi дазвол на праверку кожнай машыны (незалежна ад краiны паходжаньня). Падчас супольнай калегii мытнiкi Беларусi й Расеi абмеркавалi таксама адмысловую апэрацыю пад назовам “Беларускi транзыт”. Яна ставiць за мэту прадухiлiць перамяшчэньне кантрабанды з трэцiх краiнаў празь Беларусь. Удзел у апэрацыi бяруць спэцслужбы Расеi й Беларусi, а доўжыцца яна будзе цягам усяго 2003 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG