У мінулую пятніцу недалёка ад порту Ум-Каср да групы журналістаў падышлі з паднятымі ў рукамі два зьнясіленыя ірацкія жаўнеры. Аказалася, што гэта браты Фагды і Алі, веку 17 і 20 гадоў, родам зь вёскі за 150 кілямэтраў ад Багдаду. Паводле іхных словаў, за тыдзень да пачатку вайны супрацоўнікі службы бясьпекі ўварваліся ў вёску, захапілі мужчынаў і ў кайданках сілай павезьлі ў вайсковы лягер. Там, цягам чатырох дзён іх вучылі карыстацца зброяй, затым завезьлі ў Ум-Каср і заявілі: “Гэта частка вашай Радзімы. Абараняйце яе”. Браты ўцяклі з арміі і цягам тыдня хаваліся ў адным пустым будынку. Пры журналістах яны скінулі мундыры і пераапрануліся ў цывільную вопратку. Вось што яны сказалі журналістам: “Яны сілай прывезьлі нас на лінію фронту, далі ў рукі аўтаматы, мінамёты, артылерыю і прымусілі ваяваць. Мы не хацелі гэтага. Мы хочам вярнуцца дамоў, але ня ведаем як”.
Журналісты павезьлі дэзэртыраў ў штаб-кватэру брытанскай арміі, аднак ля ўваходу дарогу ім перагарадзіў натоўп цывільных жыхароў гораду. Некаторыя з натоўпу адразу зразумелі, што маладыя арабы ў машыне – гэта дэзэртыры. Адзін з мужчынаў скрывіўся з выразнай пагардай, а іншыя проста зь цікаўнасьцю пазіралі.
Адчуваючы непрыязнасьць з боку натоўпу, браты скурчыліся ў машыне. Яны былі выразна прыгнечаныя. Пасьля адзін зь іх папрасіў перакладчыка, каб той паведаміў пра іхны лёс бацькам, аднак неўзабаве перадумаў. Лепш не не рабіць гэтага, – сказаў адзін з братоў, – бо бацька казаў сынам мужна ваяваць, і яны ня хочуць расчараваць яго.
Журналісты завезьлі дэзэртыраў у лягер для ваеннапалонных. Іх сустрэлі прыязна і без аніякага зьдзіўленьня. Паводле афіцэра аховы Ніка Ўільсана, у лягер прыбывае ўсё больш дэзэртыраў з самых розных франтоў, але гэта першы выпадак, калі ірацкія салдаты здаліся ў палон журналістам.