Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КІРАЎНІЦТВА БЕЛАРУСІ Й КУБЫ АДНОЛЬКАВЫЯ ПОГЛЯДЫ

Валер Каліноўскі, Менск

Прымаючы кубінскага міністра, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што задаволены разьвіцьцём двухбаковых дачыненьняў з Кубай. У 2000 годзе спадар Лукашэнка наведаў гэтую краіну зь візытам, сустракаўся зь Фідэлем Кастра і запрасіў таго наведаць Менск. Зь візытам у адказ прыбыў пакуль толькі міністар замежных справаў Кубы Фэліпэ Пэрэс Роке. У МЗС Беларусі не выключаюць, што Фідэль Кастра наведае Беларусь, але пакуль гэты візыт не плянуецца, і цяпер гэтая тэма не абмяркоўвалася.

Падчас перамоваў прадстаўнікі беларускага і кубінскага бакоў заявілі пра аднолькавыя погляды на сучасныя рэаліі дзяржаўнага будаўніцтва, міжнародную сытуацыю і вайну ў Іраку. Міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў сказаў, што абедзьве дзяржавы “цалкам незалежныя на міжнароднай арэне, абапіраюцца толькі на ўласныя сілы і выступаюць супраць дыктату на міжнароднай арэне”. Паводле спадара Мартынава, беларускія ўлады таксама выступаюць за адмену эканамічнай блякады ЗША адносна Кубы.

У сваю чаргу кубінскі міністар выказаў задавальненьне ўбачаным — перш за ўсё палітычнай стабільнасьцю і роляй дзяржавы ў сацыяльна-эканамічным разьвіцьці.

(Роке: ) “Нас захапляе тая ўпартасьць і тая стойкасьць, якія беларускі народ на чале са сваім лідэрам праяўляе ў адстойваньні свайго права на незалежнасьць, нягледзячы на зьнешні ціск”, — заявіў міністар Фэліпэ Пэрэс Роке, і Беларусь “заўсёды можа разьлічваць на падтрымку кубінскага кіраўніцтва. Беларусь ды Куба і надалей будуць падтрымліваць гэты курс, і чыніць супраціў любому ціску на нас звонку. Мы ніколі не здамося”.

Паводле інфармацыі МЗС Беларусі, таваразварот з Кубай летась склаў 32 мільёны даляраў. Вядомы апазыцыйны палітык Аляксандар Дабравольскі разьвіцьцё адносінаў з Кубай лічыць прыкладам нерэалістычнасьці беларускай замежнай палітыкі:

(Дабравольскі: ) “Акрамя ўзаемнай падтрымкі двух дыктатарскіх рэжымаў тут больш нічога не заўважыш, вазіць тавары з Кубы вельмі дорага, бессэнсоўна. Вазіць беларускія тавары на Кубу таксама вельмі дорага, лепш прадаць Украіне, Расеі, Польшчы, Літве. Сытуацыя простая, зразумець лёгка: ніхто з прыстойных дзяржаваў беларускае кіраўніцтва не прымае, агульную мову з нармальнымі дзяржавамі знайсьці цяжка і ня хочацца, таму што дзеля гэтага прыйдзецца штосьці мяняць у сваёй краіне, а гэта будзе пагражаць уладзе, і таму знаходзіцца агульная мова з тымі, хто такі ж у пэўнай ступені, як і беларускае кіраўніцтва”.

Але кубінскаму кіраўніцтву варта быць больш абачлівым, лічыць спадар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) “Для тых рэжымаў, якія цяпер кантактуюць зь Беларусьсю, гэта ня вельмі добра, і нават трохі небясьпечна, таму што ўжо склалася традыцыя: разьвівалі адносіны зь югаслаўскім кіраўніцтвам, яно было замененае, разьвівалі адносіны з ірацкім кіраўніцтвам, і яно будзе замененае, напэўна. Мяркую, што ўсіх, хто разьвіваў дачыненьні зь Беларусьсю, падумаць, калі яны ня хочуць быць зьмененымі, дык лепш не кантактаваць, ці што”.

Спадар Дабравольскі мяркуе, што для Беларусі больш важна разьвіваць дачыненьні з краінамі Эўропы і найперш сваімі найбліжэйшымі суседзямі.
XS
SM
MD
LG