У выступе на ідэалягічнай нарадзе мінулага тыдня, тэкст якога надрукавалі ўсе дзяржаўныя газэты, Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў свайго былога амбасадара ў Токіё Пятра Краўчанку ў тым, што ён “там такое ўтварыў, што ад імпэратара да бамжа ў Японіі ўсе здрыгануліся”. Паводле спадара Лукашэнкі, амбасадар “уцёк за 200 кілямэтраў, пячатку схаваў”, таму спэцслужбы Беларусі атрымалі ўказаньне — “разабрацца й прывезьці яго ў краіну”. Я патэлефанаваў самому спадару Краўчанку й папрасіў яго пракамэнтаваць новыя падрабязнасьці ягонага вяртаньня ў Менск.
(Краўчанка: ) “Я абвінавачаю Лукашэнку ў хлусьні й правакацыі, таму што ніводзін з тых фактаў, якія ён прыводзіць, не адпавядае рэальнасьці. Чатыры месяцы я трымаўся, цярпеў… Як вы ведаеце, я не зрабіў ніводнага камэнтару Радыё Свабода, ніводнай беларускай ці замежнай газэце. Але, паколькі прэзыдэнт парушае нейкія дамоўленасьці, што існавалі паміж мной і афіцыйнымі асобамі, якія былі накіраваныя ў Токіё, я цяпер магу дзейнічаць больш адкрыта.
Так, я абвінавачваю Лукашэнку ў тым, што ён арганізаваў у лістападзе спэцыяльную правакацыю, якая была накіраваная супраць мяне. Былі выкарыстаныя самыя розныя сродкі, у тым ліку сродкі фізычнага ціску й псыхалягічнага ціску. У Токіё быў накіраваны прадстаўнік спэцслужбаў, які тры тыдні займаўся толькі маёй асобай. Пра гэта сёньня цяжка вельмі гаварыць, таму што гэта прыкра, гэта горка, гэта вельмі непрыемна.
За 5 гадоў сваёй працы ў Токіё я насамрэч шмат разоў сустракаўся з прадстаўнікамі істэблішмэнту Японіі, у тым ліку шмат разоў сустракаўся зь ягонай імпэратарскай высокасьцю Акахіта. А вось наконт бамжоў Токіё — ня меў гонару сустракацца. І магу сказаць, што сёньня наш прэзыдэнт Лукашэнка пераўтварыўся ў палітычнага бамжа. Я магу сказаць сёньня адкрыта й рашуча: так, гэта чалавек, які лічыцца палітычным бамжом Эўропы, якому ніколі ня будзе арганізаваны візыт у Японію ці іншую прыстойную краіну сьвету”.
Пятро Краўчанка ўжо зьвяртаўся ў суд з пазовам супраць Міністэрства замежных справаў Беларусі ды агенцтва “Интерфакс-Запад”, якія раней распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што ён адмаўляўся аддаваць пячатку, чэкавую кніжку і дакумэнты беларускай амбасады ў Токіё. Спадар Краўчанка зноў гатовы йсьці ў суд:
(Краўчанка: ) “У першай інстанцыі ён закончыўся. Як мы й чакалі, перамагчы на Беларусі ўва ўмовах, калі Лукашэнка прызначае кожнага судзьдзю, вельмі-вельмі цяжка. Тым ня менш, я буду працягваць барацьбу. І я не выключаю, што я буду падаваць на Лукашэнку ў суд”.