Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАСІЛЬ БЫКАЎ ПАКІНУЎ РЭАНІМАЦЫЮ, АЛЕ ПАКУЛЬ ЗАСТАЕЦЦА Ў ШПІТАЛІ

Сяргей Навумчык, Прага

Разам з Аляксандрам Лукашуком мы наведалі Васіля Ўладзімеравіча ўжо не ў рэанімацыі, а ў звычайнай палаце, у якой значна менш мэдычных апаратаў, затое ёсьць тэлевізар. Праўда, не асабліва яго Васіль Уладзімеравіч і глядзіць, затое пастаянна слухае перадачы радыё “Свабода” – як ён гэта рабіў і ў кватэры. Разам з Васілём Ўладзімеравічам пастаянна знаходзіцца ягоная жонка Ірына Міхайлаўна, а за паўгадзіны да нас быў віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтру Валянцін Тарас, які гасьцюе ў Празе. Лекары лічаць, што калі ўсё будзе добра, выпісаць са шпіталя Васіля Ўладзімеравіча могуць ужо праз тыдзень. Аднак зразумела, што на гэтым лячэньне ня скончыцца і, хутчэй за ўсё, заплянаваную раней паездку ў Менск давядзецца адкласьці на пазьней.

Сёньня ж Васілю Ўладзімеравічу ў шпіталь перадалі дзьве ягоныя кнігі. Першая – кніга ўспамінаў “Доўгая дарога дадому”, якая ўпершыню прагучала летась на хвалях “Свабоды” і цяпер надрукаваная менскім незалежным выдавецтвам “Кніга” накладам у дзьве тысячы асобнікаў, у ёй 540 старонак. Другая – кніга публіцыстыкі “Крыжовы шлях” (“Хресна дорога”) – выйшла ў Кіеве, у дзяржаўным выдавецтве “Веселка” накладам у тысячу асобнікаў.
XS
SM
MD
LG