Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ПІША ПРА ВАЙНУ Ў ІРАКУ АРАБСКАЯ ПРЭСА І ПРЭСА КРАІНАЎ РЭГІЁНУ?

Аляксей Знаткевiч, Прага

Іранскае радыё перадало iнтэрвiю з прадстаўнiком Ісламскай Рэвалюцыйнай Гвардыi, камандзірам Салямi, якi заявiў, што хуткi наступ на Багдад можа нэгатыўна адбiцца на войсках ЗША. На другiм канале iранскага тэлебачаньня паказалi iнтэрвiю з камандзірам iрацкiх сухапутных сiлаў Джафры, якi заявiў, што вайна ў Іраку можа зацягнуцца на доўгi час. Такiя ж меркаваньнi зьявiлiся i ў iранскай прэсе. Вядомы рэфарматар Марад Вэйшы кажа, што вайна зацягваецца з-за памылак амэрыканскай разьведкi i ваеннага плянаваньня. Увогуле, большасьць iранскiх камэнтатараў, незалежна ад палiтычнай пазыцыi, робяць нацiск на тым, што вайна зацягваецца. Некаторыя пiшуць, што такое зацягваньне можа прывесьцi да палiтычнага ўрэгуляваньня, якое, на iхную думку, будзе паразай для ЗША i Брытанiі.

Сырыйская газэта “Аль-Баас” называе вайну ў Іраку “брутальнай, вiдавочнай i здраднiцкай агрэсiяй”. Газэта пiша, што ўлады ЗША i Брытанii разьлiчвалi, што вайна будзе лёгкай i хуткай. Аднак, на думку аглядальнiка газэты, цяперашнi супрацiў iрацкiх сiлаў парушае гэтыя разьлiкi. “Аль-Баас” пiша, што вайна ў Іраку ўжо выклiкае ў амэрыканскага народу ўспамiны пра вайну ў Вiетнаме, якая цягнулася вельмi доўга i прынесла амэрыканцам вялiзарныя страты.

Рэдакцыйны артыкул у савудаўскай газэце “Джэда” падкрэсьлiвае, што палестынцы добра разумеюць вайну ў Іраку, бо самi перажываюць такi ж лёс. Паводле газэты, раззбраеньне Іраку – гэта толькi надуманая падстава для вайны, а насамрэч ЗША хоча зьмянiць мапу Блiзкага Ўсходу, зьнiшчыўшы ворагаў Ізраiлю i сваiх уласных.

Тэлеканал аль-Джазiра паказаў iнтэрвiю з арабскiм аналiтыкам аль-Бары Атванам. Ён прадказвае хуткую адстаўку дырэктара Цэнтральнага разьведвальнага ўпраўленьня ЗША Джорджа Тэнэта. На думку Атвана, ЦРУ ня здолела сабраць дакладную iнфармацыю аб сытуацыi ў Іраку. Атван таксама назваў нелегiтымнымi ўрады арабскiх краiнаў, якiя нiчога ня робяць, каб спынiць вайну.
XS
SM
MD
LG