Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНСКІЯ МЭДЫІ КРЫТЫКУЮЦЬ МІНІСТРА АБАРОНЫ ЗША


Віталь Тарас, Прага

У інтэрвію тэлекампаніі ABC Дональд Рамсфэльд заявіў, што “няма плянаў адносна паўзы альбо спыненьня агню, ці чагосьці падобнага”. Адносна ж пляну вайсковай апэрацыі ў Іраку, распрацаваным афіцэрамі Пэнтагону, міністар абароны Рамсфэльд сказаў у інтэрвію тэлеканалу Fox News наступнае:

“Плян – гэта добрая рэч, і я рады быў бы пакласьціся на яго, паколькі гэта выдатны плян, прыдатны да працы, і мы павінны перамагчы. Аднак, насамрэч гэты плян быў разьвіты генэралам Фрэнксам, і над ім працаваў гэнэральны штаб у Вашынгтоне. Ён быў уважліва разгледжаны вопытнымі вайсковымі камнадзірамі. Ён прайшоў праз раду нацыянальнай бясьпекі ЗША, і гэта наш нацыянальны плян. Гэта добры плян, і ён дзейнічае”.

Рамсфэльд дадаў, што ён ня ведае, колькі працягнецца вайна – некалькі тыдняў альбо месяцаў – і падкрэсьліў, што найбольш жорсткія баі яшчэ наперадзе.

Генэрал Томі Фрэнкс, выступаючы перад журналістамі ў штаб-кватэры амэрыканскіх войскаў у Катары, таксама абверг паведамленьні пра перапынак у наступе на Багдад. Ён сказаў, у прыватнасьці:

“Моцныя і баяздольныя сухапутныя сілы атакавалі праціўніка на розных франтах, у тым ліку ў 60 мілях ад Багдаду, і яны захоўваюць узровень гатовасьці баявых сыстэмаў амаль на 100 працэнтаў. Як мы ўжо гаварылі, злучэньні гэтых наземных сілаў працягваюць наступ. Рэжым Хусэйна ў адчаі, і яны ведаюць гэта”.

Журналісты згадваюць, што яшчэ два гады таму многія афіцэры крытыкавалі міністра абароны Рамсфэльда за ягонае бачаньне вайны як высокатэхналягічнай і таму больш “мяккай”. У 1991 годзе падчас вайны ў Пэрсыдзкай Затоцы былі задзейнічаныя каля паўмільёна вайскоўцаў. Зараз Рамсфэльд спадзяецца абысьціся ўдвая меншымі сіламі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG