Фэрма калгасу “Сьцяг Перамогі” месьціцца побач са старой трасай Менск-Вільня. Падвозчык кармоў Стась, абапершыся на вілы, паглядае на транзытныя аўтамабілі й пасьміхаецца: параўнаўшыся з фэрмай, пасажыры ўсе як адзін затыкаюць насы. А мне з разуменьнем справы тлумачыць: смурод — ад няправільнага харчаваньня жывёлы, бо сена зь сіласам даўно скончыліся.
(Падвозчык Стась: ) “Няправільная тэхналёгія харчаваньня. Карова ж — гэта ня лось. Дзікія жывёлы — справа іншая, гэта зайцы могуць кару аб’есьці, а карове трэба камбікармы даваць, грубыя кармы, сена, салому, сілас. А што на галінках — якое малако? Вось, жыцьцё падтрымаюць трошкі, каб да поля дайсьці. А болей нічога”.
(Карэспандэнт: ) “Што цяпер даюць каровам? Бачу, яловыя галінкі?”
(Стась: ) “Цяпер хвою. А так, звычайна, лісьцевы корм: лісты асіны, алешніку, зрэдку, ліпы — мяккія галінкі пажадана”.
(Карэспандэнт: ) “Але ня “дровы”?”
(Стась: ) “Дровы? — не. Дровы ў печ трэба, а не карове: карова — ня печка”.
У суседніх калгасах запасы корму скончыліся яшчэ раней. Таму шмат быдла заўчасна патрапіла на мясакамбінаты. А калі найбліжэйшым часам не пачне расьці трава, можа здарыцца іншая скрайнасьць: каровы пачнуць здыхаць ад такіх кармоў. У гэтым упэўненая, прынамсі, былая аграномка гаспадаркі, Людміла Кошаль.
(Кошаль: ) “Гадоў 15 таму жывёлу кармілі галінкамі дрэваў. Што з гэтага атрымалася? Толькі тое, што вялізную колькасьць скаціны не далічыліся калгасы ў сваім статку. Ад гэтага рацыёну падзёж быў катастрафічны. Цяпер ізноў у калгасах няма кармоў, і замест таго, каб вырошчваць кармавыя культуры на палёх, узяліся за гэтыя галінкі. Як і раней, нічога добрага статак не чакае, бо ад галінак ні прывагаў, ні малака; ніякай прадукцыі не дачакаюцца. Толькі, як кажуць, вочы сабе замазаць, ці ня так можа нават сабе, колькі начальству. Гэта не кармы, гэта атрута. І для прыроды вялікія страты, паколькі дрэвы ўрэшце ссохнуць. І базу харчовую ніяк гэтым не папоўніць”.
Летась пры канцы сакавіка ў бальшыні гаспадарак Маладэчанскага раёну ўжо тыдзень, як сеялі. Сёлета вясна істотна прыпазьнілася, і трактары безнадзейна буксуюць на глыбока прамерзлых палетках. У некаторых вёсках нельга даехаць да стагоў ды сянажных ямаў. І таму ці цяпер не найгоршы час для калгаснай жывёлы.
Накідаўшы ў кармушкі яловых галінак, на разьвітаньне спадар Стась дэманструе сваё разуменьне праблемаў усясьветных і калгасных:
(Стась: ) “Сядзіць старшыня на мэханізаваным стане. Тэхніка не адрамантаваная, грошай на запчасткі няма, саляркі няма, бэнзыну таксама. Галаву рукамі абхапіў і думае. І тут тэлефануюць з раёну. Кажуць: бяда, Буш на Хусэйна вайной пайшоў. Трэба Хусэйну гуманітарную дапамогу аказаць. Падумаў-падумаў старшыня і гаворыць: “Мне б ягоныя праблемы!”