Сярод апытаных мінакоў вельмі многія заявілі, што яны вернікі. Аднак вялікі пост з розных прычнаў наважыліся трымаць ня ўсе.
(Спадарыня: ) “Я веру ў Бога і хаджу ў царкву, але пост не захоўваю, бо хварэю”.
(Спадар: ) “У Бога веру, як належыць. Пост? Ну крыху, канечне, захоўваю. Апошні тыдзень, дык папосьцім. А так не даюць нам пасьціць: ці то госьці прыедуць, ці яшчэ што”.
(Карэспандэнтка: ) “Ці вы верыце ў Бога і як вы трымаеце пост?”
(Спадарыня: ) “Ня вельмі трымаю. Так атрымліваецца”.
(Спадар: ) “Веру ў Бога, але пост не захоўваю, бо так мой лёс складзены”.
(Спадарыня: ) “Так, я веру ў Бога і па магчымасьці захоўваю пост. Але як калі атрымоўваецца, бо праца і бывае, што людзі да мяне прыходзяць, альбо я да іх — і гэта мяне засмучае. Але паміж поснымі й няпоснымі днямі розьніцы няма: нават калі няма посту, я ўсё роўна не магу сабе дазволіць ежу, якую мне хочацца, бо гэтага не дазваляюць мае заробкі. Стараюся больш маліцца й паводзіцца, як належыць”.
Вернікі, якія паведамілі, што трымаюцца посту, разумеюць яго па-рознаму.
(Спадар: ) “Я вернік і захоўваю пост: не ўжываю тлустай і малочнай ежы”.
(Карэспандэнтка: ) “А яшчэ нейкім чынам абмяжоўваеце сябе?”
(Спадар: ) “Акрамя гэтага, на жаль, больш ніяк сябе не абмяжоўваю”.
(Спадарыня: ) “Я стары ўжо чалавек, веру ў Бога, захоўваю пост: тлустага нічога ня ем”.
(Спадар: ) “Вера ў мяне яшчэ ад матулі засталася, і я захоўваю пост: адмаўляюся ад малака і мяса, а ў сераду і пятніцу яшчэ і ад алею. Акрамя гэтага, менш сваруся”.
(Карэспандэнтка: ) “Як вы захоўваеце пост?”
(Спадар: ) “Толькі расьлінную ежу ўжываю. Стараюся больш быць на прыродзе з аднадумцамі, стараюся больш запомніць малітваў”.
(Спадар: ) “Я вернік. Захоўваць ці не захоўваць пост — гэта асабістая справа кожнага верніка. Галоўнае ня тое, што мы адмаўляемся ад ежы, а тое, што мы ачышчаемся ў духу. І калі нават мы адмовімся ад усяго й на гэты час забудземся, дзеля чаго мы гэта робім, то гэта будзе ня пост, а галадоўка. Пост робіцца дзеля таго, каб выпраўляць свае ўласныя недасканаласьці, таксама гэта салідарнасьць з крыжовай пакутай Хрыста і на карысьць усяго грамадзтва Беларусі”.