Анатоль Лябедзька, які апошнія два-тры гады не прапусьціў ніводнай сэсіі ў Страсбуры, гаворыць, што спачатку была думка гэтым разам увогуле не пасылаць туды прадстаўнікоў палітычнай апазыцыі. Але потым вырашылі ўсё ж накіраваць у Страсбур Яраслава Раманчука.
(Лябедзька: ) “Натуральна, калі езьдзіць толькі тады, калі будуць нейкія афіцыйныя пытаньні, дык ты будзеш прайграваць. Патрэбная сыстэмная праца, таму мы палічылі вельмі важнай і істотнай кулюарную працу. Там сёньня багата структураў і багата людзей, якія адказваюць за Беларусь. І калі нават на летняй сэсіі будуць нейкія рашэньні адносна Беларусі, дык іх падмурак трэба закладваць ужо сёньня.
Яраслаў Раманчук, які добра ведае гэтую арганізацыю, структуры, людзей, мае кантакты, ён якраз і едзе туды, каб ня толькі рабіць аналіз падзеяў, а ўжо сёньня трэба рабіць акцэнты на тое, што выкарыстоўваючы сытуацыю вакол Іраку, беларускія ўлады ўзмацняюць рэпрэсіі супраць апанэнтаў, супраць мас-мэдыяў. Пра гэта трэба гаварыць. Трэба гаварыць, калі б, на якіх умовах для Беларусі мог быць размарожаны статус адмыслова запрошанага”.
Нагадаю, што статус “адмыслова запрошанага” быў прыпынены для Беларусі яшчэ 13 студзеня 1997 году, паколькі ПАРЭ знайшла шматлікія парушэньні законнасьці пры правядзеньні лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 году.
Яраслаў Раманчук зьбіраецца паінфармаваць дэпутатаў ПАРЭ, розныя палітычныя групы й фракцыі аб выніках правядзеньня мясцовых выбараў у Беларусі. Будуць абмяркоўвацца сытуацыя з правамі чалавека, мас-мэдыямі й стан законнасьці.
Што тычыцца Палаты прадстаўнікоў, дык ад яе ў Страсбур накіроўваюцца віцэ-сьпікер Уладзімер Канаплёў і Віктар Кучынскі. Магчыма, да іх далучыцца і Андрэй Лосеў. Акрамя таго, асабістае запрашэньне для ўдзелу ў сэсіі ад фракцыі лібэралаў ПАРЭ атрымаў Уладзімер Навасяд.