Васіль Уладзімеравіч прывітаў нас зь Сяргеем Навумчыкам моцным поціскам рукі. Ён пакуль у рэанімацыі, але ўжо сядзеў, выглядае няблага, вельмі сьветлы твар, ясныя вочы, добрая рэакцыя. Апэрацыя, у выніку якой быў выдалены кавалак кішэчніка, прайшла пасьпяхова, лекары, якія ім апекуюцца, гаварылі нам пра яго моцны арганізм.
Быкаў правядзе ў шпіталі каля тыдня. Пасьля гэтага, калі ўсё будзе добра, – рэабілітацыя і амбуляторнае лячэньне. Аднак пра далейшыя пэрспэктывы лекары пакуль не гатовыя гаварыць больш канкрэтна. Сытуацыя няпростая. Побач зь ім пастаянна жонка Ірына Міхайлаўна.
Настрой у самога Быкава неблагі. Распытваў нас пра навіны ў сьвеце – крыху пагаварылі пра вайну ў Іраку, пра падзеі ў Беларусі. Васіль Уладзімеравіч зь цікавасьцю ўведаў пра намер стварыць Раду беларускай інтэлігенцыі, сярод сябраў якой называлася і яго прозьвішча. Наступны пэрыяд лячэньня ён пакуль мяркуе праходзіць у Празе, паездка ў Беларусь, якую ён плянаваў на бліжэйшы час, адкладаецца. Заўтра, дарэчы, вясельле ўнука Быкава, і ён папарсіў паслаць ад яго імя тэлеграму маладым. У Менску гэтымі днямі павінна выйсьці кніга ягоных успамінаў “Доўгая дарога дадому”, якая ўпершыню прагучала на хвалях “Свабоды” мінулай восеньню. Васіль Уладзімеравіч прасіў перадаць яму асобнік, калі хто будзе ехаць зь Менску. Яшчэ перад шпіталем ён прасіў, калі прыйдзем у адведкі, прыносіць яму што-небудзь для чытаньня, але пакуль лекары не дазволілі яму чытаць – трэба берагчы сілы.
Васіль Быкаў прасіў перадаць прывітаньне супрацоўнікам і слухачам “Свабоды”.
Беларуская служба Радыё Свабода ад імя слухачоў жадае Васілю Уладзімеравічу добрага здароўя. Спадзяемся неўзабаве зноў пабачыць яго ў нашай студыі.