Напярэдадні прызначанага на панядзелак чарговага паседжаньня беларуска-расейскай камісіі распрацоўкі праекту канстытуцыйнага акту саюзнае дзяржавы сябар гэтай камісіі Аляксандар Вешнякоў, якога ў сераду пераабралі старшынём Цэнтарвыбаркаму Расеі, заявіў, што ня мае адчуваньня ўзгодненасьці ўсіх пазыцыяў наконт саюзнай канстытуцыі.
Спадар Вешнякоў і раней заяўляў пра мажлівасьць вайны паміж саюзнымі й нацыянальнымі законамі, як гэта было ў канцы існаваньня Савецкага Саюзу. У прыхільнікаў расейска-беларускай інтэграцыі такія заявы пра вайну выклікаюць абурэньне. Гаворыць дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Натальля Машэрава:
(Машэрава: ) “Хопіць думаць катэгорыямі мінулага стагодзьдзя. Цяпер зусім іншыя ўмовы, зусім іншыя задачы і мэты. І калі мы іх дакладна й правільна вызначым — так бы мовіць, пляцоўку нашых адзіных нацыянальных інтарэсаў, — дык гэтай вайны ня будзе. Гэта залежыць ад нас: якая сыстэма гэтых законаў будзе, і рэалізацыя, і прыняцьце, і г.д. Я, шчыра кажучы, лічу гэта надуманым”.
Са спадарыняй Машэравай ня згодны былы дэпутат Вярхоўнага Савету СССР Аляксандар Дабравольскі:
(Дабравольскі: ) “Я таксама памятаю вядомую вайну законаў паміж СССР, РСФСР ды іншымі краінамі, якія тады былі рэспублікамі СССР. Яна прывяла да таго, што былі ня толькі нейкія юрыдычныя калізіі, а ў кожнай рэспубліцы была свая грашовая палітыка, свае цэны й фактычна свая эмісія грошай. Гэта проста прывяло да развалу фінансавай сыстэмы былога СССР. Тое ж самае можа паўтарыцца й тут, таму што так званая саюзная дзяржава не пабудаваная ні на чым рацыянальным у сэнсе юрыдычным і эканамічным, а складаецца толькі з заклінаньняў кіраўнікоў, якія выкарыстоўваліся імі ўвесь час для сваіх асабістых палітычных мэтаў”.
Адметна, што Аляксандар Вешнякоў у жывым эфіры радыё “Эхо Москвы” вылучыў новы аргумэнт супраць рэфэрэндуму па канстытуцыйным акце, які “мажлівы толькі тэарэтычна”. Ён нагадаў, што летась сем краінаў СНД падпісалі канвэнцыю аб стандартах свабодных дэмакратычных выбараў, а Беларусь — не.
Вось што кажа з гэтай нагоды сакратар беларускага Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік:
(Лазавік: ) “Ну, гэта на самай справе так ёсьць, таму што канвэнцыя гэтая распрацоўвалася ў першую чаргу расейцамі й беларусамі, і наш кусок работы там значны ў гэтай канвэнцыі. Я думаю, што, калі б гэтая канвэнцыя была б падпісаная кіраўніком нашай дзяржавы, ніякага ўрону не было б”.
Спадар Лазавік адмовіўся камэнтаваць заявы Аляксандра Вешнякова пра мажлівую вайну законаў і толькі тэарэтычную магчымасьць правесьці ў Расеі рэфэрэндум наконт канстытуцыйнага акту.
(Лазавік: ) “Няхай у гэтым разьбіраюцца палітыкі. Наша справа — выконваць заканадаўства. Будзе прыняты нарматыўна-прававы дакумэнт аб правядзеньні рэфэрэндуму — мы будзем праводзіць, не — значыць не. Гэта ўжо палітыка — чым займаецца Вешнякоў”.