Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫЗВАЛІЛІ ЎСІХ АРГАНІЗАТАРАЎ МАРШУ “ЗА ЛЕПШАЕ ЖЫЦЬЦЁ!”


Валер Каліноўскі, Менск

Апошнім з арганізатараў народнага маршу пратэсту “За лепшае жыцьцё!” выйшаў на волю лідэр прадпрымальнікаў Леанід Малахаў, яго адпусьцілі сёньня раніцай. Умовы ўтрымання ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку ён назваў “карцэрам”: холад у камэры, цесната, дрэннае асьвятленьне, адсутнасьць сьвежага паветра, забарона прагулак для палітычных зьняволеных, — усё гэта цяжка пераносілася, але дапамагала падтрымка з волі, кажа спадар Малахаў. Уладам не ўдалося зламаць волю, упэўнены ён:

(Малахаў: ) “Не, яны нічога не дабіліся такім запалохваньнем, дабіліся толькі таго, што нейкія ілюзіі, якія можа былі раней, зьніклі, ад іх ніякага сьледу не засталося. Улады ня здольныя ні на што, ні на які кампраміс, ні на які дыялёг, спрабуюць толькі запалохаць людзей… Але ж калі ўлада ня ўлічвае тыя праблемы, што існуюць сёньня сярод прадпрымальнікаў, якіх я прадстаўляю, то прадпрымальнікі зробяць свае вывады, і гэта будзе вельмі хутка. Нас такая ўлада не задавальняе”.

Раней за Леаніда Малахава, у чацьвер вечарам, выйшлі на волю Людміла Гразнова, Андрэй Саньнікаў, Зьміцер Бандарэнка. Настрой у іх таксама добры. Гаворыць Людміла Гразнова:

(Гразнова: ) “Я ведала, што я раблю, на што ішла, і таму была даволі спакойная і так трымалася, нават не чакала такога ад сябе, думала, што слабейшая насамрэч. Такім чынам, вытрымала ўсё нармалёва і выйшла з добрым настроем”.

Калі сядзіш за праўду, то можна ўсё вытрымаць бяз стратаў для здароўя, упэўненая Людміла Гразнова.

Тым часам за кратамі застаюцца арганізатары сьвяткаваньня ўгодкаў БНР 23 і 25 сакавіка. Паводле спадара Малахава, іх трымаюць у розных камэрах, у прыватнасьці, асобна сядзяць Вінцук Вячорка і Вячаслаў Сіўчык, якія ня здолелі дамовіцца пра адзінае шэсьце на Дзень Волі. Хаваюцца ад перасьледу міліцыі іншыя прадстаўнікі БНФ — Юры Хадыка, Валянцін Голубеў і Аляксей Янукевіч.

Намесьніца старшыні БНФ Галіна Сямдзянава лічыць дзеяньні менскай міліцыі падчас апошніх масавых акцыяў і судовых працэсаў неадэкватнымі, у прыватнасьці, захоп моладзі ля будынку Савецкага раённага суду і зьбіцьцё намесьнікам начальніка Савецкага райаддзелу міліцыі Гуранковым Антона Кішкурны.

(Сямдзянава: ) “Гэта ўжо паказвае, што ўлада зусім звар’яцела, пачынаецца проста масавы псыхоз. Яны баяцца нас, яны баяцца нават дзяцей, бо сыну Кішкурны яшчэ няма 20 гадоў. Пасьля аналізу ўсіх гэтых падзеяў, мы прыйшлі да высноваў, што па-першае, улада баіцца масавых акцыяў і любога арганізаванага збору людзей, і па-другое, што ўлада ня хоча ніякіх чутак пра незалежнасьць”.

Антона Кішкурну судовы працэс чакае 17 красавіка паводле абвінавачаньня ў супраціве супрацоўніку міліцыі. Сам ён дамагаецца прыцягненьня да крымінальнай адказанасьці спадара Гуранкова за пабоі й зламаную руку, але лекары з судмэдэкспэртызы чамусьці зацягваюць перадачу свайго заключэньня ў пракуратуру, — кажа спадар Кішкурна.

Тым часам у БНФ заяўляюць, што спадзяюцца стварыць кааліцыю ў справе падрыхтоўкі да чарговай супольнай акцыі апазыцыі — Чарнобыльскага шляху.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG