Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАТРЭБНАЯ БЕЛАРУСІ ДЗЯРЖАЎНАЯ ІДЭАЛЁГІЯ?


Ганна Соусь, Менск

Другі дзень у менскім Палацы Рэспублікі працягваецца ідэалягічная нарада Лукашэнкі з кіраўнікамі вэртыкалі. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў стварыць ідэалягічную вэртыкаль, аднавіць пасады адказных за ідэалёгію ў працоўных калектывах і навучальных установах.

Стоячы ля Палаца Рэспублікі, дзе сёньня высокапастаўленыя чыноўнікі абмяркоўвалі гэтую праблему, я пыталася ў мінакоў: “Ці патрэбная Беларусі дзяржаўная ідэалёгія?”

(Спадарыня: ) “Такая бязглузьдзіца! Гэта ідэалёгія зампаліта роты, да таго ж ня вельмі адукаванага. Трэба пашыраць сувязі са сьветам, трэба падтрымліваць культуру, інтэлігенцыю, навуку, мэдыцыну. Грошы, якія выдаткавалі на гэтае мерапрыемства, лепш бы аддаць на дапамогу шпіталям, настаўнікам, бедным людзям”.

(Спадар: ) “Яна забадала нас, гэтая ідэалёгія, яшчэ за савецкім часам. Патрэбная нацыянальная ідэя, а не ідэалёгія”.

(Другі спадар: ) “На мой погляд, гэта зусім непатрэбна. У маім ўнівэрсытэце ёсьць арганізацыя Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі, у якую папросту заганяюць моладзь. Нам сказалі, што нам не дадуць ваеннай катэдры, інтэрнату ды іншага, калі ня ўступім. Я не ўступіў і ня буду ўступаць. Многія таксама лічаць так, але нас — меншасьць”.

(Трэці спадар: ) “Патрэбна зьнішчыць памылковую думку, што Беларусь заўсёды залежала ад Расеі, гэта ня так. Мы якраз заўсёды былі самастойнымі, таму трэба аднавіць не ідэалёгію, а самасьвядомасьць беларусаў”.

(Спадарыня: ) “Кожны чалавек мае свабоду зрабіць свой выбар, і кожны чалавек павінен мець тую ідэалёгію, якую ён сабе абраў. Добра, калі дзяржаўная ідэалёгія здаровая. Я ведаю, што ёсьць ціск зрабіць дзяржаўную ідэалёгію, і я не лічу гэта добрым”.

(Спадар: ) “Я былы вайсковец. Ня дай Бог, калі салдаты ня прыйдуць на палітінфармацыю, і ня дай Бог, каб я прапусьціў палітзаняткі. Калі ўсё будзе гвалтоўным чынам, дык я супраць. Калі я хачу даведацца пра тое, што адбываецца ў краіне, я чытаю газэты”.

(Другі спадар: ) “Цяпер, калі Лукашэнка марыць аб тым, каб застацца на трэці тэрмін, ня трэба дзяржаўнай ідэалёгіі”.

(Трэці спадар: ) “Каб была прадэкляраваная свабода й дэмакратыя ў першую чаргу. Ідэалёгія, ідэалёгія… Волю чалавеку трэба даць, вось і ўся ідэалёгія, каб ён адчуў сябе чалавекам вольным, паважаным і з боку дзяржавы ў першую чаргу”.

Гэтак паставіліся апытаныя мной менчукі да ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі аднавіць дзяржаўную ідэалягічную сыстэму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG