Найбольш кантрастна асьвятленьне вайны ў Іраку выглядае, калi параўнаць Расею i Косава. Практычна ўсе расейскiя мэдыi адназначна выступаюць супраць вайны – узровень крытыкi, натуральна, залежыць ад iдэалёгii кожнага канкрэтнага выданьня, тэлеканалу цi радыёстанцыi.
У Косаве сытуацыя практычна супрацьлеглая – амаль усе мэдыi падтрымлiваюць дзеяньнi каалiцыi на чале са Злучанымi Штатамi. У навiнах i камэнтарах рэжым Садама Хусэйна часта параўноўваюць з рэжымам былога югаслаўскага прэзыдэнта Слабадана Мiлошавiча. Нядаўна, да прыкладу, у косаўскiм штодзёньнiку “Бота Сот” зьявiўся загаловак: “Як у Косаве чатыры гады таму, ЗША прынясе дэмакратыю ў Ірак”.
У большасьцi iншых краiнаў Усходняй Эўропы i Цэнтральнай Азii асьвятленьне вайны ў Іраку не настолькi адназначнае. Пры гэтым, аднак, большасьць мэдыяў займае антываенную пазыцыю.
Разам з Косавам, яшчэ адзiн вынятак з гэтага правiла – Грузiя. Грузiя лiчыць ЗША сваiм найважнейшым саюзьнiкам. Яна фактычна адзiная з краiнаў былога Савецкага Саюзу адкрыта падтрымлiвае вайну ў Іраку. Больш асьцярожна i абмежавана гэта робiць Узбэкiстан. Грузiнскiя ж мэдыi, з рэдкiмi выняткамi, адназначна падтрымлiваюць дзеяньнi амэрыкана-брытанскай каалiцыi i, адпаведна, пазыцыю грузiнскага прэзыдэнта Эдуарда Шэварднадзэ.
Ну а што тычыцца Беларусi, то тут дзяржаўныя мэдыi ня проста крытыкуюць вайну i займаюць выразную анты-амэрыканскую пазыцыю, але й адначасна падтрымлiваюць iракцае кiраўнiцтва. Ірацкi амбасадар часта выступае ў газэтах i на тэлебачаньнi з ухваламi Садама Хусэйна i адначасна Аляксандра Лукашэнкi. Сам Лукашэнка ня толькi асуджае Злучаныя Штаты, але яшчэ i крытыкуе Нямеччыну i Францыю за тое, што яны ня здолелi спынiць вайну.
А тым часам у Злучаных Штатах на вiдэадысках зьявiўся дакумэнтальны фiльм пра Садама Хусэйна. Фiльм называецца “Дзядзька Садам” i быў зьняты яшчэ ў 2000 годзе. Францускi журналiст Джоэль Салер, якi цяпер жыве ў Лос-Анджэлесе, у свой час здолеў вывезьцi з Іраку рэдкiя вiдэазапiсы. У фiльме, напрыклад, паказана, як Садам Хусэйн забаўляецца рыбалкай. Рыбу ён ловiць, кiдаючы ў ваду гранаты.
Вiдэадыск прадаецца ў камплекце з налепкамi i картамi для гульнi. На картах – партрэты дыктатараў сьвету, у тым лiку i “дзядзькi Садама”. Невядома, цi ёсьць у камплекце партрэт “бацькi”.