Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВАРШАВЕ АДБЫЎСЯ КАНЦЭРТ ГУРТУ “СТАРЫ ОЛЬСА”

Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

На пачатку сьвяточнага мерапрыемства ў варшаўскім клюбе “Апэтыт Архітэктаў”, сябры Інстытуту беларускай культуры коратка распавялі пра гісторыю паўстаньня Беларускай Народнай Рэспублікі і значэньне гэтай падзеі для сучаснасьці нашай краіны. Пасьля прысутныя разам засьпявалі гімн “Магутны Божа”.

Сьцены памяшканьня, дзе адбывалася імпрэза, былі аздобленыя беларускай сымболікай, матэрыяламі, зьвязанымі з абвяшчэньнем БНР, а ў холе можна было набыць шматлікія касэты ды кампакт-дыскі зь беларускай музыкай.

Сьвяткаваньне Дня Волі ў Варшаве ўжо некалькі гадоў запар ладзіць Інстытут беларускай культуры. Гаворыць старшыня гэтай грамадзкай арганізацыі Вольга Гардзейчык-Мазярская:

(Гардзейчык-Мазярская: ) “Інстытут беларускай культуры, адной з галоўных мэтаў якога ёсьць прапагандаваньне беларускай культуры і сьвятаў тут у Польшчы, канечне ж, ня мог праігнараваць гэтую вялікую дату, тым больш, што сёлета прыпадае 85-я гадавіна з дня абвяшчэньня БНР”.

Пасьля ўрачыстай часткі распачаўся канцэрт маладога, але ўжо добра вядомага ў Беларусі гурта “Стары Ольса”.

(“Стары Ольса”: ) “Мы ўжо гралі два канцэрты, прысьвечаныя гэтай вялікай даце, і нас вельмі цешыць, што 25 сакавіка сьвяткуюць і ў Варшаве. Таму, перадусім, хочам павіншаваць усіх прысутных з гэтым вялікім беларускім сьвятам”.

“Стары Ольса “ ўпершыню выступаў у Варшаве, аднак, як сказаў лідэр гурту Зьміцер Сасноўскі, тутэйшая публіка музыкам спадабалася. Напэўна ўзаемна, бо ў другой палове канцэрту ўжо амаль ніхто не сядзеў на месцы – пляцоўка перад сцэнай ператварылася ў пляцоўку для танцаў.
XS
SM
MD
LG