Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВЯЛІКАБРЫТАНІІ ГРАМАДЗКАЯ ПАДТРЫМКА ВАЕННАЙ АКЦЫІ СУПРАЦЬ ІРАКУ ПЕРАВЫСІЛА 50%


Мікола Пачкаеў, Лёндан

Як і прадказвалі экспэрты, пачатак баявых дзеяньняў у Іраку адразу зьмяніў агульны настрой грамадзкай думкі ў Брытаніі. Усе палітычныя партыі адразу заявілі аб сваёй падтрымцы брытанскім узброеным сілам, а грамадзкая падтрымка ваеннай акцыі перавысіла 50%. Аднак дэбаты прадстаўнікоў брытанскай палітычнай эліты, якія бясконца ідуць у гэтыя дні ў электронных сродках масавай інфармацыі, нагадваюць роспач ля разьбітага карыта: якая будучыня чакае цяпер Арганізацыю Аб’яднаных Нацыяў, як загаіць глыбокі раскол у Эўрапэйскім Зьвязе, ці жыцьцяздольная НАТО? Сапраўды, ніхто ў Брытаніі не хацеў крызыса гэтых арганізацыяў, а прадстаўнікі ўраду дагэтуль апраўдваюць сваю надзвычай – як гавораць крытыкі – праамэрыканскую пазыцыю ў тым ліку тым, што, маўляў, толькі дзякуючы ціску зь Лёндану Амэрыка і шукала рэзалюцыяў ААН увогуле.

Хаця нешматлікія пратэсты супраць вайны працягваюцца, аднак агульны настрой такі, што выступаць супраць вайны цяпер – значыць адмаўляць у падтрымцы брытанскім жаўнерам, якія выконваюць свой ваенны абавязак перад краінай, а гэта непатрыятычна. Таму гарачыня дэбатаў перамясьцілася цяпер на спрэчкі аб тым, што будзе ў Іраку пасьля вайны. Маўляў, Блэр мусіць пераканаць Буша прынамсі ў тым, што не ЗША павінны кіраваць Іракам пасьля Садама, а адміністрацыя з мандатам ААН. І па-другое, Блэр мусіць націснуць на Вашынгтон, каб Злучаныя Штаты сапраўды рэалізавалі цяпер плян стварэньня Палестынскай дзяржавы і ліквідацыі ізраільскіх калёніяў на акупаваных палестынскіх тэрыторыях – г. зн. цяпер, калі апошні арабскі рэжым, які патэнцыйна пагражаў бясьпецы Ізраіля, практычна ліквідаваны.

Вядома, у Брытаніі войска прафэсійнае, і стаўленьне да брытанскіх жаўнераў, якія рызыкуюць жыцьцём у Іраку, хіба крыху іншае, чым калі б гэта былі звычайныя празыўнікі. Але, вядома, кожная ахвяра з брытанскага боку выклікае чалавечы смутак і рэзананс у грамадзтве. Дэпутаты парлямэнту, у акругах якіх жылі загіблыя жаўнеры ці жывуць іх сем’і, адчуваюць хіба пэўны мацнейшы ціск з боку выбаршчыкаў. Нагадаем, што дагэтуль з 22 загіблых на вайне брытанцаў 4 загінулі у баях з іракцамі, а 18 у выніку здарэньняў ці ад агню са свайго боку. Так, брытанскі самалёт “Тарнада” быў зьнішчаны амэрыканскай сыстэмай “Пэтрыёт”.

Меркаваньні беларусаў у Брытаніі даволі прадстаўнічыя для брытанскай публікі ўвогуле. Ніхто не спачувае Садаму Хусэйну, але ўсе зь вялікім смуткам слухаюць паведамленьні аб ахвярах. Здаецца, ніхто зь сем’яў брытанскай беларускай эміграцыі не ваюе цяпер у Пэрсыдзкай Затоцы, але ёсьць там асобы зь беларускай эміграцыі ў некаторых іншых краінах, і за іх брытанскія беларусы таксама непакояцца і зычаць бясьпечнага вяртаньня дамоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG