Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ВЭТЭРАНЫ ПРА ВАЙНУ Ў ІРАКУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У 1973 годзе мянчук Анатоль Васільеў быў у складзе савецкіх інстуктараў, якія дапамагалі сырыйскім вайскам ў вайне з Ізраілем. "Гэта было 30 гадоў таму, сырыйскае войска толькі прыблізна магчыма параўнаць з ірацкім, але паводле мэнталітэту яны падобныя", – лічыць Анатоль Васільеў, у якога асабісты прагноз наконт вайны ў Іраку.

(Васільеў: ) "Безумоўна, пры такой моцнай групоўцы, якая сфармавалася супраць Ірака, вытрымаць будзе цяжка, перамогуць хутчэй за ўсё ЗША з хаўрусьнікамі, але барацьба будзе вельмі цяжкай. Іракцы – фанатычны народ".

Анатоль Васільеў лічыць, што амэрыканцы памыляюцца, разьлічваючы на тое, што баявы настрой ірацкіх вайскоўцаў упадзе, калі яны параўнаюць узровень сваёй зброі з тым, што ёсьць у амэрыканскіх саадатаў. Паводле ветэрана вайны Сырыі з Ізраілем, гэтую ж памылку рабілі ізраільскія войскі. Так, сырыйцы маглі прайграць у танкавым альбо ў паветраным баі, але ў сутычцы твар у твар гэта былі мужныя воіны. Такі ж супраціў, прадбачыць Анатоль Васільеў, акажуць і іракцы. "Ім дастаткова, што ў іх ёсьць аўтаматы Калашнікава. Змаганьне працягнецца ў любых умовах", – перакананы вэтэран.

Вядомы палітык Сяргей Гайдукевіч на пачатку 1980-х узначальваў групу савецкіх інструктараў, якая дапамагала іракцам наладзіць сыстэму супрацьпаветранай абароны. А яшчэ раней Сяргей Гайдукевіч служыў у Сырыі і Эгіпце. Ён таксама лічыць, што вайна ў Іраку будзе працяглай. Паводле Сяргея Гайдукевіча, асаблівасьці пустэльні якраз дапамагаюць весьці ўпартую барацьбу, падобную на партызанскую.

(Гайдукевіч: ) "Вайна ў пустэльні – гэта вайна ва ўмацаваных раёнах. Гэта тое, чаго не хацелі амэрыканцы, але што яны атрымалі. Лініі фронту няма, тое, што за дзень войскі праходзяць сто кілямэтраў, нічога ня значыць. Тактыцы пакідаць умацаваныя гарады і раёны іракцаў ня трэба вучыць – гэта ў іх закладзена гістарычна. Але іракцаў навучылі ўмацоўвацца, трымаць абарону з паветра, і гэта ім зараз дапамагае. А ў астатнім паўтараецца сярэднявечча”.

Паводле Сяргея Гайдукевіча, перамога ўсё ж будзе за войскамі хаўрусьнікаў, але яна дастанецца коштам вялікіх стратаў. Гарады будуць доўга трымацца, амэрыканцы апынуцца перад выбарам: альбо замірацца, альбо пачынаць дывановыя бамбаваньні зь вялікімі ахвярамі сярод насельніцтва. Аднак Сяргей Гайдукевіч не выключае і нечаканасьцяў з боку Садама Хусэйна, які, паводле яго, ніколі ня здасца і знойдзе магчымасьць высьлізнуць нават з палаючага Багдаду. І вось тут, на думку Гайдукевіча, сваё слова павінна сказаць грамадзкасьць сьвету і спыніць вайну.

Кіраўнік арганізацыі ветэранаў Афганістана Ўладзімер Тоестаў мяркуе, што выпрабаваньні сьпякотай, смагай і іншымі нязручнасьцямі вайны на ўсходзе амэрыканскія і брытанскія салдаты вытрымаюць – іх фізычную і маральную падрыхтоўку ён ацэньвае як выдатную. "Але перамогі ў гэтай вайне ня будзе ні ў кога. Амэрыканскіх саддатаў чакаюць тыя ж праблемы, што і ў вэтэранаў Віетнаму альбо ў нашых “афганцаў”. Хваробы, маральныя пакуты, пачуцьцё таго, што цябе выкарысталі і забылі – гэта напаткае ўсіх вэтэранаў, і пераможцаў, і тых, хто пацерпіць паразу", – мяркуе вэтэран вайны Савецкага Саюзу ў Афганістане Ўладзімер Тоестаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG