Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА БЕЛАРУСКА-ЎКРАІНСКАЙ МЯЖЫ ЗАЧЫНЯЮЦЦА ПУНКТЫ СПРОШЧАНАГА ПРОПУСКУ


Казімер Яноўскі, Лельчыцы – Ельск

Першапачаткова плянавалася, што на беларуска-ўкраінскай мяжы толькі ў Гомельскім рэгіёне будзе адчынена ня меней за 13 пунктаў спрошчанага пропуску.

Летась беларускае памежнае ведамства разам зь мясцовымі ўладамі рапартавалі пра адкрыцьцё 8 такіх пунктаў. І вось зараз гомельскія памежнікі заявілі пра закрыцьцё двух зь іх – у вёсках Дзяржынск Лельчыцкага і Падгальле Ельскага раёнаў.

Распавядае падпалкоўнік Іван Бандарэнка.

(Бандарэнка: ) “У сувязі з тым, што ўкраінскі бок не падрыхтаваў спрошчаныя пункты пропуску, мы пакуль спынілі пропуск нашых грамадзянаў”.

Паводле ягоных словаў, зроблена гэта на просьбу ўкраінскіх калегаў, бо тамтэйшыя мясцовыя адміністрацыі не пабудавалі са свайго боку такіх пунктаў.

У выніку людзі павінны ехаць за дзясяткі кіламетраў на суседнія пункты альбо сьвядома парушаць мяжу, рызыкуючы атрымаць вялікі штраф і канфіскацыю перавезенага грузу.

У памежжы з аднаго і другога боку жыве шмат сваякоў. Да таго ж, напрыклад, беларускія вяскоўцы з Дзяржынску, як засьведчыла Натальля Лукашэвіч, едуць купляць украінскія харчы і адзеньне ў мястэчка Пазнань. Там яны таньнейшыя амаль у два разы. Ніна Худобенка зь вёскі Засінцы Ельскага раёну піша ва ўсе канцы скаргі, каб ў Падгальлі і ўкраінскіх Прылуках дзейнічаў спрошчаны пункт. У пэнсіянэркі жывуць ва ўкраінскім горадзе Оўруч дачка, зяць і ўнукі. Закрыцьцё пункту абцяжарыла сустрэчу. Распавядае спадарыня Худобенка:

(Худобенка: ) “Ой, якая мне бяда, якое гора, якія слёзы, гэтыя пункты! Я пішу і зьвяртаюся ўсюды. Я ўжо і да Кучмы пісала. Тут мы жывем у пекле, у пекле жывем. Гэта немагчыма! У каго сям’я, дзеці побач, то яшчэ нічога. А ў каго там, за мяжою, то гора і бяда. Гэта тая маці адчуе, у якой дзіця не дапускаюць да сустрэчы. Толькі тая маці адчуе, больш ніхто ня можа зразумець. Ніхто не разумее! Ні Кучма, ні Лукашэнка. Ніхто!”

На свой ліст да Кучмы жанчына адрымала адказ з адміністрацыі ўкраінскага прэзыдэнта. У ім паведамляецца, што ўзьвядзеньне пунктаў спрошчанага пропуску ўскладзенае на мясцовыя органы ўлады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG