Шыльда адкрытая на доме №19 на праспэкце Францішка Скарыны, дзе Стэфанія Станюта жыла з 1951 па 1969 гады. Адкрыцьцё прымеркавалі да Міжнароднага дня тэатру, які адзначаецца 27 сакавіка. Аўтар шыльды, скульптар Уладзімер Слабодчыкаў выявіў Стэфанію Станюту ў паважным веку зь вялікім букетам ружаў у руках. Такой, якой яна й запомнілася многім аматарам беларускага тэатру й кіно.
Адкрывалі шыльду пад гукі афіцыйнага гімну мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатру, дзе працавала славутая акторка, Валер Раеўскі, а таксама сын Стэфаніі Станюты Аляксандар.
З прамовай выступалі чыноўнікі міністэрства культуры ды адпаведнай управы Менгарвыканкаму, а таксама акторка Марыя Захарэвіч. За цырымоніяй назіралі некалькі дзясяткаў студэнтаў, чыноўнікі й акторы Купалаўскага тэатру.
Мэмарыяльная шыльда зьявілася больш чым праз 2 гады пасьля сьмерці акторкі, а помніка на магіле Стэфаніі Станюты няма дагэтуль, як няма ў Менску й вуліцы яе імя. Некаторыя людзі тэатру лічаць, што ўлады не належным чынам ушаноўваюць памяць Стэфаніі Станюты. Гаворыць старшыня Саюзу тэатральных дзеячоў Аляксей Дудараў:
(Дудараў: ) "Добра, каб помнік быў на могілках, добра, каб увогуле недзе бюст паставілі. Стэфанія Міхайлаўна – гэта нацыянальны здабытак, і гэтым мусіць займацца дзяржава. Тое, што сёньня адкрылі мэмарыяльную шыльду, гэта ўжо добра. Належным чынам тым, хто служыць мастацтву тэатра, аддае толькі глядач усё, пры жыцьці. На вялікі жаль, калі чалавек па розных прычынах сыходзіць са сцэны, пра яго вельмі хутка забываюць".
А вось меркаваньне заслужанай артысткі Купалаўскага тэатру Зінаіды Зубковай:
(Зубкова: ) "Пэўна ж помнік патрэбны. Але каб вуліцу назваць, я ня ведаю. Яна была не такі чалавек. Вось каб нейкі маленькі сквэрык назваць, бо яна была разам з прыродай. Яе памятаюць, яе любяць і я лічу, што яна сама зрабіла сабе помнік. А вось што няма помніка на могілках, то дзяржава павінна пра гэта паклапаціцца".
Ў часе адкрыцьця шыльды чыноўнікі паведамілі, што помнік на магіле Стэфаніі Станюты на Ўсходніх могілках ужо гатовы й неўзабававе будзе ўсталяваны.
Да мэмарыяльнай шыльды славутай акторцы ўсклалі вялікія бел-чырвона-белыя букеты кветак.