Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ ПАДЛІЧВАЮЦЬ СТРАТЫ АД СПЫНЕНЬНЯ ПАСТАВАК У ІРАК


Юры Сьвірко, Менск

Ірацкі амбасадар у Маскве Абас Халаф у чацьвер заявіў, што Ірак дагэтуль не атрымліваў ніякай гуманітарнай дапамогі ні з Расеі, ні зь іншых краінаў. Напярэдадні гэты ж амбасадар заклікаў расейскае кіраўніцтва адклікаць тую гуманітарную дапамогу, якая ўжо накіраваная на ірана-ірацкую мяжу. "Мы ня маем надзвычайнай сытуацыі, у нас ідзе сьвятая вайна. Таму я афіцыйна заяўляю, што мы не бярэм ніякай гуманітарнай дапамогі, бо маем і грошы, і неабходныя запасы", – сказаў амбасадар Іраку ў Расеі.

На тле такіх заяваў афіцыйны Менск па-ранейшаму рыхтуецца даслаць гуманітарную дапамогу Іраку. Супрацоўнік ірацкай амбасады ў Беларусі, які назваўся Абасам, сказаў, што яны самі ня ведаюць, якая дапамога патрэбная.

(Абас: ) “Мы ня ведаем, таму напісалі ў наш цэнтар у Багдадзе і чакаем адказу. Я чуў пазыцыю нашага амбасадара ў Маскве. Мы пакуль нічога ня кажам, але ў асноўным нашаму народу зараз патрэбная мэдычныя дапамога – лекі. Іх там не хапае”.

Аднак спадар Абас ня надта спадзяецца на дапамогу ад беларускіх чыноўнікаў.

(Абас: ) “Мы ня ведаем, як яны змогуць. Яны таксама людзі зь невялікімі магчымасьцямі. Не такая дзяржава, правільна?”

А прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных на брыфінгу паведаміў, што зараз вядзецца падрыхтоўка да адпраўкі гуманітарных грузаў ірацкаму насельніцтву. Трэба яшчэ ўзгадніць усё з той краінай, празь якую гэтыя грузы пойдуць зь Беларусі ў Ірак.

Я задаў спадару Савіных гэткае пытаньне: Украіна заявіла, што яе страты ад вайны ў Іраку ў зьвязку са скарачэньнем экспарту туды складуць каля 300 мільёнаў даляраў – ці рабіліся такія падлікі ў Беларусі? Вось як адказаў прэсавы сакратар МЗС:

(Cавіных: ) “Экспарт Рэспублікі Беларусь у Ірак у рамках праграмы "Нафта ў абмен на харчаваньне" летась склаў 32 мільёны даляраў. Сёлета за студзень мы паставілі ў Ірак прадукцыі на суму каля 8 мільёнаў даляраў ЗША. Відавочна, што экспарт у гэтую краіну ў нас павялічваўся. Зараз, у зьвязку з пачаткам ваенных дзеяньняў, уся гэтая праца замарожаная. Вось ужо першая наўпроставая страта для Рэспублікі Беларусь ад ваенных дзеяньняў.

Сёньня ж МЗС распаўсюдзіла тэкст выступу беларускага прадстаўніка ў ААН Алега Іванова на паседжаньні Рады Бясьпекі 26 сакавіка з асуджэньнем дзеяньняў антыірацкай кааліцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG