Лецішча магілёўскага пэнсіянэра і вэтэрана працы Мікалая Лабанава ў вёсцы Князеўка Магілёўскага раёну рабавалі цягам апошніх 8 гадоў больш за дзясятак разоў. З дому выносілі ўсё – ад алюмініевых лыжак да ровараў і пячных дзьверцаў.
(Лабанаў: ) “Я такі чалавек, што ўвесь час хадзіў у міліцыю з заявамі, аднак нікога не знайшлі. І такія наплявацельскія адносіны да гора і няшчасьця чалавека”.
У такой сытуацыі, калі міліцыя ня можа знайсьці злодзеяў, у вёсках і пасёлках лецішчаў людзі пачалі ўзбройвацца, каб бараніць сваё дабро.
(Лабанаў: ) “Мне давалі два капканы на ваўка. Дык я падумаў, што капкан ламае ногі. Ну так ці можна ж з-за зламанага акна такое? Ёсьць жа ўлада на гэта”.
Таму Мікалай Лабанаў вырашыў зьвярнуцца ў суд. Ён хоча, каб міліцыянты, якія не знайшлі злодзеяў, кампэнсавалі яму ўрон –больш за 3 мільёны рублёў.
Падобныя дзеяньні ў межах закону, лічыць пэнсіянэр, перш за ўсё дапамогуць спыніць самасуд, які часам учыняюць пакрыўджаныя рабаўніцтвам і бяздзеяньнем міліцыі сяляне.
Мікалай Лабанаў распавёў, што яго аднавясковец знайшоў жанчыну, якая гандлявала скрадзенымі ў яго рэчамі, і задушыў яе. Бабуля вырашыла пакінуць для рабаўнікоў атручаны самагон, але ім неацярожна пачаставаўся іншы чалавек, які застаўся інвалідам. Пэнсіянэр стрэліў з ружжа ў хлопцаў, якія кралі гародніну, і параніў аднога зь іх.
Праваабаронца Барыс Бухель, які адстойвае ў судзе інтарэсы пакрыўджанага на міліцыю пэнсіянэра, працягвае гэты страшны сьпіс лінчаваньняў.
(Бухель: ) “Жанчыну-зладзейку схапілі, распранулі дагала, валаклі празь вёску і зьбівалі палкамі. Выпадкаў шмат. І на судзе прагучала: ня будзеце абараняць нас, і нічога не застанецца, як узбройвацца. Сьведка адная так і сказала: “А што рабіць, калі вы не працуеце?”
Адказчык у судовай справе Мікалая Лабанава намесьнік начальніка Магілёўскага райаддзелу міліцыі Сяргей Антонаў лічыць, што міліцыянты робяць ўсё належнае, хаця ў гэтым выпадку злачынцу так і не знайшлі. Аднак, лічыць Сяргей Антонаў, калі міліцыя не парушыла закон, то і кампэнсацыю плаціць не павінна.
(Антонаў: ) “Тут ніхто не застрахаваны, таму што крадзяжы ўчыняюцца і будуць учыняцца”.
Судовае слуханьне ў справе Мікалая Лабанава ідзе поўнай хадой, да яго прыцягваюцца новыя сьведкі.