Ангельская газэта “Independent” ставіць націск на лёс ваеннапалонных. Пасьля таго, як ірацкае тэлебачаньне паказала перапалоханых амэрыканскіх палонных, ЗША абвінавацілі Ірак у парушэньні Жэнэўскай канвэнцыі. Аднак афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Велікабрытаніі самі засэкрэцілі інфармацыю пра ірацкіх ваеннапалонных. Яны нават не паведамляюць Чырвонаму Крыжу пра іх колькасьць і дзе яны знаходзяцца. У кожным разе, паводле “Independent”, не збыліся амэрыканскія прагнозы наконт таго, што ірацкія салдаты будуць масава здавацца ў палон. Тым ня менш, саюзныя сілы ўжо ствараюць каля мяжы з Кувэйтам лягер для ірацкіх ваеннапалонных.
На яшчэ адзін пралік амэрыканскага камандаваньня зьвяртае ўвагу італьянская газэта “La Stampa”. Камандуючага апэрацыяй “Свабода Іраку” генэрала Томі Фрэнкса вайсковыя стратэгі крытыкуюць за тое, што ён недаацаніў здольнасьць праціўніка да супраціву, што ЗША скарыстоўваюць нешматлікія кантынгенты і што саюзныя сілы прасоўваюцца наперад захутка. У выніку Фрэнкс вырашыў зьмяніць стратэгію і больш увагі зьвяртаць на барацьбу з ачагамі супраціву, якія пагражаюць тылавым аддзелам. “La Stampa” цытуе генэрала Вільяма Наша, вэтэрана балканскай вайны, які лічыць, што “рэжым Садама не разваліўся, нібы картачны домік, і таму ваенныя дзеяньні разьвіваюцца паводле памылковага сцэнару”. Зараз у Кувэйт перакідваецца яшчэ 30 тысячаў вайскоўцаў 4-й пяхотнай дывізіі, але на крытыку ўсё-ж прыйдзецца адказаць, – піша італьянская газэта.
Нямецкая “Tageszeitung” задаецца пытаньнем: хто заплаціць за пасьляваенную адбудову Іраку. У цяперашнім Статуце ААН зьвяржэньне ўраду нейкай краіны не зьяўляецца абгрунтаваньнем для вайны. У сувязі з гэтым ЗША і Велікабрытанія як агрэсары нясуць адказнасьць за фінасаваньне адбудовы Іраку. Яны будуць вымушаныя выкласьці, на думку экспэртаў ААН, як мінімум 30 мільярдаў даляраў. Аднак, паводле “Tageszeitung”, ня выключана, што таксама ўрад Нямеччыны, які быў супраць вайны, усё ж уключыцца ў адбудову Іраку. Гэта можа спрыяць паляпшэньню напружаных адносінаў паміж ЗША і ФРН.
Паводле амэрыканскай газэты “Wall Street Journal”, абвінавачаньні на адрас Расеі ў тым, што яна ў абыход санкцыяў ААН пастаўляла Іраку ваенную тэхніку, цалкам абгрунтаваныя. Масква прадала Іраку ракеты “Скад”, якія Багдад прыстасаваў для пераносу хімічнай і біялягічнай зброі. Расея дапамагала Іраку ў ператварэньні ў біялягічную зброю вірусаў сыбірскай язвы, батулінавага таксыну і воспы. Таксама іншыя краіны, у прыватнасьці Францыя, шмат у чым дапамаглі Іраку – падкрэсьлівае “Wall Street Journal”. Аднак ніхто не зрабіў болей для аднаўленьня арсэналаў Садама і ніхто не паводзіў сябе гэтак агрэсіўна, дапамагаючы яму схаваць праўду, як Расея. Таму, паводле газэты, калі гэтая зброя будзе ўжытая супраць амэрыканскіх войскаў або трапіць ў рукі тэрарыстаў, Уладзімер Пуцін можа ніколі больш не атрымаць запросінаў на ранча ў Тэхасе.
Нямецкая газэта “Sueddeutsche Zeitung” зьмясьціла артыкул пад загалоўкам “Паміраць за Багдад: паміж Бушам і Папам” пра нязручную сытуацыю, у якой апынулася верная саюзьніца ЗША – Польшча. Паводле газэты, лідэры ЗША паставілі Варшаву ў няёмкае становішча, хвалячы салдатаў спэцаддзелу “Гром” за ўдзел у баях у Іраку. Пасылаючы 200 спэцназаўцаў у Ірак, прэзыдэнт Квасьнеўскі ведаў, што супраць вайны большасьць палякаў, а таксама вялікі земляк ў Ватыкане – Ян Павал ІІ. Таму польскае кіраўніцтва ўвесь час падкрэсьлівала, што “Гром” будзе займацца выключна праблемамі забясьпячэньня. Абгунтоўваючы высылку салдатаў, Квасьнеўскі зачапіў палякаў за жывое, ужываючы неаспрэчны аргумэнт: маўляў, у 1939 годзе французы адмовіліся “паміраць за Гданьск”, але Польшча, у адрозьненьне ад іх, не пакіне саюзьнікаў у бядзе. Тым ня менш, паводле “Sueddeutsche Zeitung”, зараз Варшава разгубленая тым, што гэтак адкрыта падтрымала ЗША, тады як яна зацікаўленая ў добрых адносінах таксама з тымі, хто не падтрымлівае палітыку ЗША.