Удзельнікі: Астап Яраховіч (Кліўленд), Кацярына Вініцкая (Лос-Анджэлес).
У 1991 годзе, калі адбывалася першая вайна з Іракам, беларускія газэты апублікавалі фотаздымак амэрыканскіх вайскоўцаў, якія накіроўваліся на Блізкі Ўсход. У іх шэрагах можна было пабачыць 20-гадовага беларуса з Кліўленду Данілу Яраховіча.
Якім быў далейшы лёс хлопца, ці вярнуўся ён дамоў жывы і здаровы? Гаворыць ягоны бацька Астап Яраховіч з Кліўленду:
(Яраховіч: ) “Яго забралі і ён там чакаў 6 месяцаў, быў у тым месцы, адкуль пасылалі ў Ірак, Але ня быў адпраўлены, яны чакалі, калі будзе патрэбная зьмена салдатаў, але вайна хутка скончылася і ён застаўся тут”.
Данілу Яраховічу не давялося ваяваць. У хуткім часе ён звольніўся з вайсковай службы, адбыў 4 гады ў рэзэрве, зараз мае іншую прафэсію, ажаніўся і гадуе 2 дзяцей. Сёньняшняя вайна таксама абыходзіць яго бокам.
Інакш склаўся падчас першай вайны з Іракам лёс другога хлопца зь сям’і беларускіх эмігрантаў у ЗША – Антося Вініцкага з Каліфорніі. Кадравы вайсковец, ён прайшоў гэтую вайну, як кажуць, “ад званка да званка”.
У мінулым годзе, калі распачалася ваенная апэрацыя ў Афганістане, ён, як некалі Даніла Яраховіч, чакаў адпраўкі на Азіяцкі кантынэнт, але тады прысутнасьць ягонай вайсковай адзінкі там не спатрэбілася. Аднак вопыт, набыты ў мінулай вайне ў пустэльні, адразу аказаўся запатрабаваным пасьля таго, як узьнікла пагроза новай вайны з Іракам.
Зараз 40-гадовы маёр марской пяхоты ЗША Антон Вініцкі бярэ непасрэдны ўдзел у баявых дзеяньнях на Блізкім Усходзе. Зразумела, што ў такой сытуацыі мы ня мелі магчымасьці зьвязацца з самім Антонам. Дазваніліся да ягоных бацькоў у Каліфорнію, дзе, дарэчы, і Антон служыць у мірны час.
Яраслаў і Кацярына Вініцкія маюць траіх дзяцей – дзьве дачкі і сына, пра якога цяпер усе іхныя думкі. Бацькі Антона і ягоная жонка ўжо да пачатку вайны на Блізкім Усходзе ведалі, што і гэтым разам яна закране іхную сям’ю. Гаворыць маці, сп. Кацярына.
(Вініцкая: ) “За некалькі тыдняў. Гаварылі, што будзе нешта, так яно і сталася. Мы усё яшчэ спадзяваліся, што гэта толькі страшаць. Цяпер ён там. Ён ужо месяц перад гэтым быў там”.
Цяпер шмат гавораць пра тое, што гэтая вайна дэманструе новыя дасягненьні ў галіне ваеннай тэхнікі, якія дазваляюць весьці баявыя дзеяньні бескантактным спосабам, тэхнічнымі сродкамі. Пра гэта і мы ўзгадалі ў нашай размове, але сп. Кацярына з сумам заўважыла.
(Вініцкая: ) “Тэхніка, бачыце, сама не працуе, трэба ёю кіраваць”.
Калі сын абраў прафесію вайскоўца, сп. Кацярыны разумела, які неспакойны лёс яе чакае. Але сын настаяў на сваім выбары.
(Вініцкая: ) “Пайшоў у марскія пехацінцы і там застаўся служыць. Добраахвотна пайшоў, яму гэта падабалася, асабліва дысцыпліна. Ён, як уступіў, то адразу пайшоў у афіцэрскую школу, ён не пачынаў з шарагоўца. Цяпер дастаў ранг маёра. Яго паслалі туды, трэба ж кіраваць гэтымі маладымі хлопцамі”.
(Карэспандэнт: ) “Якую адукацыю мае Ваш сын?”
(Вініцкая: ) “Ён мае магістра ў ангельскай мове і магістра пасьля ваеннай школы”.
Сп. Кацярына патлумачыла, што сын напачатку скончыў цывільную навучальную установу.
(Вініцкая: ) “Ляйола ўнівэрсытэт у Лос –Анджэлесе і ваенную школу. Ён увесь час дабірае розныя лекцыі”.
Высокі ўзровень адукацыі дазволіў Антону зрабіць пасьпяховую вайсковую кар’еру.
(Вініцкая: ) “Ён спраўляецца вельмі добра, павышэньне заўсёды даставаў. Давалі яму так, як бачылі, што ён заслугоўвае”.
(Карэспандэнт: ) “Сп. Кацярына, выглядае, што абраная прафесія была для яго адпаведнай. Ці былі ў вашай сям’і дагэтуль прафэсійныя вайскоўцы?”
(Вініцкая: ) “Дзед быў афіцэрам. Ён спраўляўся пасьпяхова, наколькі я ведаю, ён ордэны даставаў”.
Тут якраз і варта нагадаць, што дзедам Антона па бацьку быў Аляксей Вініцкі. Добра вядомы сярод беларускай эміграцыі ў ЗША чалавек, ён пакінуў у спадчыну ня толькі ўнукам, але і для ўсёй беларускай гісторыі зьмястоўную дакумэнтальную кнігу пра жыцьцё паваеннай беларускай эміграцыі у Нямеччыне. Аляксей Вініцкі памёр 20 гадоў таму. Кніга была выдадзеная, калі самога аўтара ўжо ня стала.
(Карэспандэнт: ) “Сп. Кацярына, якія ўспаміны захаваліся ў Вас пра Вашага свёкра?”
(Вініцкая: ) “Вельмі прыемныя. Мы заўсёды зь ім дыскутавалі, спрачаліся. Ягонае ўсё жыцьцё было засяроджана на гэтай тэме – для беларушчыны. Ён казаў, што бачыў гэтае гора, як людзі нашыя жылі і гаварыў, што трэба свабода, каб лепшае жыцьцё было ў краіне. Ён за гэта да апошніх дзён змагаўся. Калі ўжо быў моцна хворы, хацеў вельмі дакончыць сваю кніжку, не хацеў пакінуць гэтую працу няскончанай. Дзякуй Богу, ён гэта зрабіў, скончыў. Часта вельмі дрэнна чуўся ў апошнія дні жыцьця”.
(Карэспандэнт: ) “А вось Антон, ці памятае ён дзеда?”
(Вініцкая: ) “Ён яшчэ добра памятае дзеда. Дзед быў настаўнікам пасьля таго, як выйшаў з войска. Усіх дзяцей вучыў матэматыцы, каб у памяці ўмелі добра лічыць. Так што яго Тоні, як мы называем сына, вельмі добра памятае”.
Дзеці і ўнукі Аляксея Вініцкага не згубілі сваю беларускасьць на чужыне. Сын Яраслаў з жонкаю Кацярынаю, нашай сёньняшняй суразмоўцай, бяруць самы дзейсны ўдзел у жыцьці беларускай эміграцыі ў ЗША. Не забываюць і на Бацькаўшчыну. Ад таго часу, калі стала магчыма езьдзіць у Беларусь, сп. Кацярына ўжо 6 разоў наведвала родныя мясьціны і сваіх блізкіх. Яна была ўдзельніцай двух зьездаў беларусаў сьвету ў Менску.
Дачку Ірэну, цётку Антона, і ейнага мужа Язэпа Арцюха таксама добра ведаюць у беларускім замежжы. Шмат гадоў сп. Арцюх выдаваў адно з самых уплывовых беларускіх выданньяў на ангельскай мове – “Belarussian Review”, якое і сёньня інфармуе англамоўны сьвет пра падзеі ў Беларусі.
Сп. Кацярына паходзіць зь Лідчыны. Падчас другой усясьветнай вайны ейная сям’я перабралася на Наваградчыну, дзе, як вядома, быў у той час моцны беларускі рух, да якога яна і далучылася. Гэта мела трагічныя наступствы, бо савецкія ўлады нікому зь беларусаў пасьля не маглі дараваць гэткай пазыцыі, і дзяўчыне давялося далей ісьці цяжкой дарогаю на чужыну.
(Вініцкая: ) “Вельмі цяжкай дарогаю. Я не хачу гаварыць зараз пра сябе. Не таму, што я нешта ўтойваю, няма чаго хаваць. Гэта вельмі балюча для мяне, асабліва цяпер, на старасьці гадоў. Усё прыходзіць на памяць часьцей, чым было раней. Мой бацька і брат былі забітыя партызанамі. Перажыла шмат, і цяпер даводзіцца ізноў перажываць”.
Але сп. Кацярына мусіць быць вытрывалаю, бо маральнай падтрымкі ад бабулі патрабуюць трое дзяцей Антона, якія са сваёй маці жывуць недалёка ад Лос-Анджэлеса.
(Вініцкая: ) “Аднаму сем гадоў, сярэдняму – пяць і маленькаму – 3 гады. Вельмі дзеці перажываюць, кожны дзень моляцца. Моляцца, каб хоць тата дадому прыехаў. Вось паведамлялі, што гелікоптэр зваліўся, гэта якраз зь ягонага аддзелу. Яны першыя, яны франтавыя”.
Родныя Антона Вініцкага цярпліва чакаюць зьвестак ад яго, але ў баявых умовах нават для тэхнічна забясьпечанай амэрыканскай арміі ня проста стварыць умовы для кантактаў з роднымі кожнаму вайскоўцу.
(Вініцкая: ) “Можа, калі трохі супакоіцца, ён зможа пераслаць вестку, але пакуль нічога няма”.
На завяршэньне размовы са сп. Кацярынай Вініцкай мы папрасілі яе прыпомніць, як яна сустракала сына з той першай Ірацкай вайны 1991 году.
(Вініцкая: ) “Гэта было такое памятнае, цяжка забыць. Ен таксама быў у Каліфорніі тады, і ўсё іх мястэчка, дзе была іх база, усе людзі іх віталі, калі яны ішлі. Гэта была сапраўды узрушальная сцэна. Стаялі самаходы пажарныя, і калі яны падышлі, то ўсе агні запалілі. Тады аркестар вайсковы граў”.
Але сёньняшняя наша гаворка – яшчэ не канец гісторыі. Мы спадзяемся, што па нейкім часе ў нашым эфіры прагучыць перадача, у якой вы сустрэнецеся з маці й сынам – з Кацярынай і Антонам Вініцкімі.