Аляксандар Лукашэнка скрытыкаваў дзеяньні кіраўнцтва Расеі падчас вайны ЗША супраць Іраку:
(Лукашэнка: ) “Расея не павінна проста лепятаць з экрану нешта там, а выпрацоўваць нейкія схемы, камбінацыі, каб супрацьстаяць гэтаму — дарэчы, па ўсіх напрамках. Па ўсіх, падкрэсьліваю! Разьвязаная вайна! Вайна разьвязаная, якая сваім гэтым чорным крылом адназначна чапляе Расею. Гэта ўдар па Расеі. Таму Расея павінна быць у эпіцэнтры ўсіх гэтых падзеяў. Расея павінна весьці — я скажу вам так, шчыра — ліхаманкавыя, маланкавыя дыпляматычныя перамовы. Мусяць быць кожны дзень сустрэчы, Расея павінна імкнуцца аб’яднаць вакол сябе ўсіх тых, хто яшчэ сёньня можа супрацьстаяць гэтаму злу й гвалту. Для чаго? Ня толькі для таго, каб паказаць, што яна таксама цэнтар, што яна вялікая ці там буйная дзяржава й г.д. Для таго, каб засьцерагчы сябе”.
Акрамя гэтай крытыкі на адрас кіраўніцтва Расеі, Аляксандар Лукашэнка зноў абрынуўся на Маскву за спробы ўключыць беларускія землі ў склад Расейскай Фэдэрацыі. “Нават Сталін не дадумаўся да такога”, — паўтарыў спадар Лукашэнка й заявіў, што Беларусь ніколі ня ўвойдзе ў склад Расеі. Ён мяркуе, што гэта нявыгадна й самой Маскве, і саюзу Расеі зь Беларусьсю, таму што гэта адпіхне ад саюзу іншыя дзяржавы — у прыватнасьці, Украіну.
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што дагэтуль ня вызначана, на якіх умовах будзе ўведзеная агульная расейска-беларуская валюта, хаця паводле падпісаных дамоваў гэта мусіць адбыцца з 1 студзеня 2005 году.
“Тыя схемы, што прапаноўвае Расея, для Беларусі непрымальныя”, — працытавала Аляксандра Лукашэнку Беларускае тэлебачаньне, якое дадало, што “беларускі лідэр па-ранейшаму ставіць захаваньне сувэрэнітэту, у тым ліку фінансавага, галоўнай умовай яднаньня”.