Кожны дзень зь Берасьцейскага чыгуначнага вакзалу да найблiжэйшай польскай станцыi Тэрэспаль накiроўваюцца пяць цягнiкоў. Менавiта гэты маршрут застаецца самым папулярным сярод мясцовых жыхароў, што вязуць у Польшчу сьпiртовыя напоi й цыгарэты, альбо проста едуць на закупы.
Але супрацоўнiкi вакзалу паведамiлi, што колькасьць пасажыраў на польскiм кiрунку апошнiм часам зьменшылася. Ахвотныя выехаць за мяжу аддаюць перавагу аўтамабiльным памежным пераходам: празь iх трапiць у Польшчу атрымлiваецца таньней. Таму чыгунка вымушаная зьнiзiць кошты на свае паслугi.
Сёньня, каб на цягнiку даехаць зь Берасьця у Тэраспаль, трэба заплацiць 3580 беларускiх рублёў за квiток i яшчэ 1 тысячу рублёў мясцовага збору. Кошт турыстычнага ваўчара, якi дае дазвол на ўезд у Польшчу, каля 600 рублёў.
Але з наблiжэньнем 1 лiпеня, калi абавязковай умовай для перасячэньня мяжы беларуска-польскай мяжы будзе наяўнасьць вiзы, cтановiшча можа iстотна зьмянiцца. I гэта вельмi непакоiць жыхароў Берасьця.
(Cпадарыня: ) “Яшчэ гэтая Польшча ратуе, яшчэ мы не галадаем. Але калi ня будзе гэтай Польшчы, зробяць гэтую вiзу, Госпадзь прабач, людзi будуць самi на сябе рукi накладваць”.
(Спадар: ) “Ратуе, вельмi ратуе. Таму што людзям няма дзе працаваць. А там хоць нешта заробiш”.
(Спадар: ) “Гэта адаб’ецца моцна. Ня ў лепшы бок, бо тыя, хто ў Польшчу езьдзяць, страцяць заробак. Таму што, быццам, нязручна будзе вiзы рабiць”.
Тыя з маiх суразмоўцаў, хто ведае пра так званы ўкраiнскi варыянт, жадаюць, каб беларускiя ўлады таксама пагадзiлiся на падобныя ўмовы. Нагадаю, што польскi бок пагадзiўся выдаваць грамадзянам Украiны бясплатныя вiзы ў адказ на рашэньне ўкраiнскiх уладаў ня ўводзiць вiзавы рэжым для грамадзянаў Польшчы.
Тым часам у Генэральным консульстве Польшчы ў Берасьцi рыхтуюцца да ўвядзеньня паўнавартаснага вiзавага рэжыму. Генэральны консул Рамуальд Кунат паведамiў, што летась гэтая дыпляматычная ўстанова выдала каля 10 тысяч вiзаў. Зараз у консульстве зьбiраюцца павялiчыць колькасьць супрацоўнiкаў i пашырыць плошчы для прыёму наведнiкаў. Што да магчымасьцi прыняцьця ўкраiнскага варыянту, Рамуальд Кунат адказаў:
(Кунат: ) “Наколькi ведаю, Беларусь адмовiлася ад украiнскага варыянту. Як будзе вырашанае гэтае пытаньне зараз, застаецца прадметам перамоваў памiж мiнiстэрствамi замежных справаў Беларусi й Польшчы. Якi будзе канчатковы вынiк гэтых перамоваў — казаць цяжка, я яшчэ не магу вам паведамiць”.
Генэральны консул Польшчы ў Берасьцi мяркуе, што канчатковае рашэньне пра ўмовы перасячэньня беларуска-польскай мяжы можа быць прынятае ўжо ў красавiку.