У Петрыкаўскім блізу ракі Пціч вада перамыла дарогу зь вёскі Лучыцы на Хвойню. У Жыткавіцкім раёне ў паселішчы Ленін затоплены мост, які зьвязвае дзьве паловы гэтага паселішча паабапал ракі Случ. Гідролягі зафіксавалі сёньня непадалёкТурава выхад вады на пойму з ракі Прыпяць.
Паколькі многія палескія рэкі працякаюць на забруджаных пасьля Чарнобылю тэрыторыях, я пацікавіўся ў спэцыялістаў, ці магчымая разам з паводкаю міграцыя радыенуклідаў?
Праблемай гэтай, як высьветлілася, займаецца дасьледчы цэнтар Белгідрамэту. Распавядае кіраўніца цэнтру Марыя Гермянчук:
(Гермянчук: ) “Паводка, як здаецца мае вялікі маштаб. Але ўсё тое, што магло быць змыта, усё змылася ў першыя гады пасьля катастрофы. Зараз уся гэтая радыеактыўнасьць рухаецца паміж рэчышчам і той тэрыторыяй, дзе ёсьць вялікая вада. Аднак істотных зьмяненьняў мы не чакаем. Істотныя зьмены могуць быць толькі ў выпадку назапашваньня радыенуклідаў у донных адкладаньнях. Там будуць падвышаныя ўзроўні. Але гэта зьвязана ня толькі з паводкаю, а і з тым, што рака нясе. У донных адкідах і назапашваецца радыяцыя”.
У цэнтры паведамілі, што ўжо ўзятыя пробы вады на Прыпяці для правядзеньня дасьледаваньняў на ўтрыманьне радыенуклідаў. Але ў сталіцу ўзоры вады яшчэ не прывезьлі.
Пробы вады браліся і падчас вялікай паводкі 1999 году. Адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што анамальнага ўтрыманьня радыенуклідаў у вадзе не зафіксавана.
Гідролягі Гомельскага рэгіёну прагназуюць, што сёлета на Палесьсі вялікай паводкі не прадбачыцца. Узроўні істотна могуць падняцца толькі тады, калі ўкраінцы зачыняць шлюзы Кіеўскага вадасховішча, і рака Прыпяць ня зможа павольна скідваць сваю ваду ў Дняпро.