Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ДАВЯРАЮЦЬ МЕНЧУКІ АФІЦЫЙНАЙ ІНФАРМАЦЫІ ПРА ВАЙНУ Ў ІРАКУ?


Галіна Абакунчык, Менск

Апытаныя менчукі заяўлялі, што збольшага задаволеныя асьвятленьнем вайны ў Іраку, але найчасьцей карыстаюцца інфармацыяй, якую падаюць не айчынныя, а расейскія СМІ.

(Карэспандэнтка: ) “Якія тэлеканалы глядзіце больш: расейскія ці беларускія?”

(Спадар: ) “Пароўну”.

(Карэспандэнтка: ) “А якім больш давяраеце?”

(Спадар: ) “Расейскія СМІ больш падрабязна распавядаюць, чым беларускія”.

(Спадарыня: ) “Больш люблю глядзець расейскае тэлебачаньне, бо яно больш грунтоўна, падрабязна і з аналізам падае тое, што там адбываецца. Беларускаму тэлебачаньню цяпер я не давяраю, бо былі спробы падаць неаб’ектыўна. Я адразу пераключаю — ня трэба. А што тычыцца, каб паслаць карэспандэнта? А навошта? Што ён нам новага дасьць бяз нашага вопыту? Ня трэба рызыкаваць ні ягоным жыцьцём, ні выдаткоўваць нашыя сродкі”.

(Спадар: ) “Я, на жаль, больш гляджу расейскае тэлебачаньне, але вельмі цікава было бы сачыць за навінамі, каб там быў наш карэспандэнт”.

У меншай ступені, але былі й тыя, хто не задаволены працай расейскіх СМІ й хацеў бы атрымліваць паведамленьні з Іраку з вуснаў беларускіх карэспандэнтаў.

(Карэспандэнтка: ) “Ці задаволеныя вы як асьвятляецца вайна? Ці давяраеце вы гэтай інфармацыі?”

(Спадар: ) “Не, не давяраю. Я заўсёды не давяраў расейскаму каналу з-за таго, што гэта камэрцыйная структура”.

(Карэспандэнтка: ) “А Беларускаму тэлебачаньню давяраеце?”

(Спадар: ) “Адсоткаў на семдзесят”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці павінен быць на гэтай вайне беларускі карэспандэнт?”

(Спадар: ) “Думаю, што павінен быць”.

(Спадар: ) “Калі Беларусь сябар ААН, то чаму там не павінна быць беларускага карэспандэнта? Расейскія СМІ маюць 5–6 карэспандэнтаў на канал, то чаму беларускія ня могуць гэта рабіць?”

Аднак многія суразмоўцы заявілі, што цалкам не давяраюць ні айчынным, ні замежным СМІ.

(Карэспандэнтка: ) “Хто больш праўдзіва асьвятляе гэтую вайну — расейскія ці беларускія СМІ?”

(Спадар: ) “Я перажыў вайну й ведаю, што гэта такое. Праўду толькі дурань любіць, і ніхто праўды не гаворыць”.

(Спадарыня: ) “Я ня ведаю, ці дакладная гэтая інфармацыя, бо было ўжо столькі выпадкаў, калі былі падманутыя — і насамрэч я ня ведаю”.

(Спадар: ) “Існуе цэнзурны покрыў, які не адпавядае таму, што існуе насамрэч. Можа таму, што ўжо гістарычна склалася так, што толькі празь некалькі гадоў мы даведаемся праўду, што там адбылося”.

(Спадарыня: ) “Пасьля таго, як я была назіральнікам на выбарах, я шмат у чым расчаравалася: справядлівасьці няма, правы парушаюцца, таму я не гляджу тэлебачаньня ні беларускага, ні расейскага”.

Думкі мінакоў падзяліліся й адносна таго, якія сюжэты пра вайну ня варта паказваць з маральна-этычных меркаваньняў.

(Карэспандэнтка: ) “Ці задаволеныя вы тымі здымкамі, якія паказваюць у навінах пра вайну?”

(Спадар: ) “Увесь час паказваюць аднастайныя відэаздымкі з вышыні 10-га паверха, і хацелася бы больш разнастайнасьці, але крыві не хацелася бы бачыць”.

(Спадарыня: ) “Так, ідуць жорсткія баі, мы ведаем, што гэта трагедыя. Але паказваць дзяцей, якія плачуць, ня трэба — мы й так сэрцам успрымаем гэтую бяду”.

(Спадарыня: ) “Паказваюць гэтулькі жахаў, якія на ўражлівых людзей вельмі адмоўна ўплываюць. Таму ня трэба гэтага рабіць”.

(Спадар: ) “Тое, што паказваюць, гэта правільна. Паказваюць, як іракцы тысячамі здаюцца ў палон. Каб там было добра, то яны пэўна не здаваліся бы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG