Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ЗЬБІРАЕЦЦА НАКІРАВАЦЬ ГУМАНІТАРНУЮ ДАПАМОГУ ІРАКУ


Валер Каліноўскі, Менск

Аляксандар Лукашэнка даў даручэньне МЗС правесьці перамовы з амбасадай Іраку пра тое, якая канкрэтна гуманітарная дапамога зь Беларусі патрэбная гэтай краіне. Задача падрыхтоўкі й дастаўкі дапамогі ўскладзеная на міністэрствы замежных справаў і надзвычайных сытуацыяў. Ірацкі амбасадар у Менску Салман Зэйдан ужо правёў перамовы на гэты конт з новым міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым і выказаў зацікаўленасьць у беларускіх мэдыкамэнтах і прадметах першай неабходнасьці, — паведаміў прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных.

(Савіных: ) “Цяпер праводзяцца сумесныя кансультацыі МЗС і МНС па ўсіх тэхнічных дэталях дастаўкі грузаў”.

Андрэй Савіных не выключае, што ў Ірак будуць накіраваныя і беларускія лекары, але “абмяркоўваць гэта пакуль заўчасна”.

А вось міністар у справе надзвычайных сытуацыяў Беларусі Валеры Астапаў кажа, што пытаньне накіраваньня гуманітарнай дапамогі ў Ірак “пакуль не разглядаецца”.

(Астапаў: ) “Мы жывем па камандзе, будзе каманда ці ўказаньне, то тады… А папярэдне мы заўсёды гатовыя, нам шмат часу не патрэбна на зборы, сыстэма адпрацаваная. Таму пытаньне ня ў нас — мы выканаўцы”.

Такую каманду, паводле словаў міністра Астапава, павінен даць А.Лукашэнка. МНС можа аказаць Іраку мэдычную дапамогу, даставіць харчаваньне, цёплую вопратку і іншае для абмежаванай колькасьці грамадзянаў. Але для гэтага найперш патрэбны афіцыйны зварот Іраку па дапамогу. Між тым, пісьмовага звароту з Іраку яшчэ не было. Амбасадар Іраку ў Менску Салман Зэйдан сёньня заявіў, што ён і сам Садам Хусэйн асабліва цэняць палітычную дапамогу зь Беларусі:

(Зэйдан: ) “Гэта не вайна, гэта агрэсія, як спадар вялікі прэзыдэнт Лукашэнка сказаў. Я ганаруся, што накіраваў яму тэлеграму з падзякай за гэтую пазыцыю. І я сказаў майму прэзыдэнту, што вось такі прэзыдэнт у Беларусі. На жаль, у сьвеце вельмі мала ці нікога няма зараз, хто б змог гаварыць, як прэзыдэнт Лукашэнка”.

Салман Зэйдан выказаўся за накіраваньне ў Ірак беларускіх мэдыкаў, ён вітае любую дапамогу, у тым ліку вайсковую. Праўда, інфармацыі пра тое, што нейкая дапамога зь Беларусі ўжо рыхтуецца, ён не паведаміў. Толькі зазначыў, што раніцай яму тэлефанаваў адзін чалавек зь Берасьця ці Гомеля, які хоча ваяваць на баку іракцаў, і што ўчора ў амбасаду прыходзіла жанчына, якая прынесла торт для ірацкіх дзяцей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG