Дзяржаўны сакратар ЗША Колін Паўэл падкрэсьліў, што Вашынгтон не аднойчы кантактаваў з расейскімі прадстаўнікамі з тым, каб выказаць сваю заклапочанасьць сытуацыяй. Пры гэтым Колін Паўэл адказаў таксама на просьбу пракамэнтаваць згадкі ў прэсе магчымай ролі Беларусі ў незаконных пастаўках ваеннага абсталяваньня Багдаду.
(Паўэл: ) “За апошнія 24 гадзіны я накіраваў праз нашую амбасаду ў Маскве дадатковую інфармацыю расейскаму міністру замежных справаў Іванову ды ўраду. І я выказаў надзею, што прадастаўленая інфармацыя дазволіць выйсьці на сьлед ды прадпрыняць адпаведныя дзеяньні. Гэта непакоіць нас, і мы аб гэтым вельмі шчыра і адкрыта гаварылі з расейцамі. Я не магу камэнтаваць, ці была Беларусь крыніцай паставак Іраку, альбо не”.
Гэтая заява Коліна Паўэла прагучала ўчора. А сёньня міністар замежных справаў Расеі Ігар Іваноў сказаў падчас свайго выступу ў Савеце Фэдэрацыі ў Маскве наступнае:
(Іваноў: ) “Мы яшчэ раз заявілі ў сувязі зь інфармацыяй, якая зьявілася днямі ў ЗША аб нібыта пастаўках нейкіх забароненых відаў абсталяваньня: ніякіх сьведчаньняў, што пацьвярджаюць парушэньне расейкімі кампаніямі рэжыму санкцыяў, не было, і ніхто нам такіх доказаў не прадстаўляў”.
Між тым, яшчэ ў нядзелю падчас інтэрвію амэрыканскай тэлекампаніі Fox News Колін Паўэл заявіў, што міністар замежных справаў Ігар Іваноў запэўніваў – маючы неабходную інфармацыю, яны нешта зробяць. “Шчыра кажучы, інфармацыі мы далі болей чым дастаткова, і Расея павінна быць здольнай знайсьці ісьціну”, – сказаў Паўэл.
Нагадаем, прэсавы сакратар Белага дому Ары Фляйшэр учора заявіў аб тым, што расейская кампанія пастаўляла ірацкім вайскам сродкі глушэньня глябальнай спадарожнікавай сыстэмы арыентацыі, а таксама прыборы начнога бачаньня і супрацьтанкавыя ракеты.
Амэрыканская газэта “Washington Post” у сваёй учорашняй публікацыі згадала расейскую кампанію “Тула”, у якой Ірак набыў супрацьтанкавыя ракеты “Карнэт”, а таксама фірму “Авіяканвэрсія”. Супрацоўнікі гэтай кампаніі, як выявілася, вучылі іракцаў карыстацца абсталяваньнем і рамантаваць яго. “Washington Post” піша са спасылкай на прадстаўніка адміністрацыі Буша, што ЗША перадалі расейскім уладам неабходныя адрасы, нумары тэлефонаў і нават даты адпраўкі грузаў.
Нагадаем у гэтай сувязі, што сёлета 15 студзеня ў Бэйруцкім аэрапорце ў Лібане быў перахоплены груз з прыборамі сувязі ды шлемамі для ірацкіх танкістаў, які паводле дакумэнтаў прыбыў зь Беларусі і накіроўваўся ў Багдад. Раней ці пазьней неабходна будзе даць адказ на пытаньне аб паходжаньні гэтага грузу. Яшчэ раней у прэсе неаднаразова зьяўлялася інфармацыя аб навучаньні ў Менску ірацкіх спэцыялістаў. Як паведамлялася, яны, у прыватнасьці, асвойвалі кіраваньне зэнітна–ракетнымі комплексамі С-300. Зразумела, усе гэтыя паведамленьні заўсёды абвяргаліся афіцыйным Менскам – дакладна як цяпер Масква абвяргае абівнавачаньні ў супрацоўніцтве з рэжымам Садама Хусэйна.