Арганізатарам круглага стала выступіла грамадзкая ініцыятыва “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты”. Аляксандар Лукашэнка ня раз патрабаваў, каб гістарычныя падручнікі для школаў і ВНУ былі як найхутчэй прыведзеныя ў адпаведнасьць з афіцыйнай ідэалёгіяй. І цяпер многія вучні, студэнты й выкладчыкі проста разгубленыя — якая ж гісторыя больш праўдзівая? Тая, што адлюстраваная ў падручніках сярэдзіны 1990-х гадоў, ці ў цяперашніх, створаных паводле замовы ўладаў?
Гаворыць адзін з арганізатараў круглага стала, актывіст ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” Вацлаў Арэшка:
(Арэшка: ) “Праблема зьвязаная з Курапатамі, яна ў значнай ступені была падкрэсьленая тым, што адсутнічае гістарычная сьвядомасьць. І нацыянальныя ды палітычныя праблемы зьвязаныя з гістарычнай сьвядомасьцю. Вось мы ўчора бачылі акцыю на 25 сакавіка, і можна сказаць, што для нацыі гэта не вялікае сьвята. Зараз ідзе сьвядомы, мэтаскіраваны працэс фальшаваньня беларускай гісторыі й стварэньні канцэпцыі зручнай для ўладаў, зручнай для Лукашэнкавай інтэграцыі з Расеяй. І гэты працэс вельмі небясьпечны”.
Аўтары новых гістарычных падручнікаў зноў вярнуліся да камуністычных ацэнак розных пэрыядаў гісторыі Беларусі. Так, у падручніку для 11 клясы сярэдняй школы, выдадзеным у 2000 годзе, зноў пішацца пра “шкодніцкую дзейнасьць” г.зв. “кулацтва”, а неабходнасьць камуністычных рэпрэсіяў супраць народу абгрунтоўваецца тым, што дзяржава, хаця й у жорсткай форме, але “бараніла сябе ад сілаў капіталістычнай рэстаўрацыі”.
Улады зноў перапісваюць беларускую гісторыю, а гісторыкі фактычна моўчкі назіраюць за гэтым. Удзельнікі круглага стала спрабуюць зьмяніць гэтую сытуацыю. Гаворыць гісторык Ігар Кузьняцоў:
(Кузьняцоў: ) “Мы павінны зноў зьвярнуцца да гэтай праблемы — каб пра яе распавялі сродкі масавай інфармацыі. Каб паказаць, які цяпер рэальны стан гістарычнай навукі й адукацыі. Ды ўрэшце зьвярнуцца да сваіх калегаў. Нават у гэтых умовах і з гэтымі падручнікамі кожны выкладчык мае права сам выкладаць. І ён можа выказваць тыя думкі, якія лічыць патрэбнымі. Таму мы будзем апэляваць ужо не да юрыдычных нормаў, а да сумленьня тых, хто працуе ў школах, ВНУ і вядзе працу з моладзьдзю”.
Удзельнікі круглага стала не выключаюць, што з часам гісторыкі створаць сваю ініцыятыву ў абарону гістарычнай навукі.