Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІВОНКА СУРВІЛЛА: “БЕЛАРУС ПАМЯРКОЎНЫ ДА ЧУЖЫХ, АЛЕ ЧАСТА ВЕЛЬМІ НЕПАМЯРКОЎНЫ ДА СВАІХ”


Ул. інф.

ЗВАРОТ

да беларускага грамадзтва з нагоды 85-х угодкаў абвешчаньня Незалежнасьці Беларусі.

Дарагія Суродзічы,

Ад імя Рады Беларускае Народнае Рэспублікі, вітаю Вас з нашым вялікім нацыянальным сьвятам і юбілеем, 85-мі ўгодкамі абвешчаньня – пасьля даўгога пэрыяду паняволеньня нашага краю расейскай імпэрыяй – Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Жадаю кожнаму з Вас асабістага шчасьця і задавальненьня з жыцьця. Але ведаю сама па сабе: сапраўднае шчасьце мы адчуем толькі ў сваёй незалежнай і дэмакратычнай дзяржаве.

Дык што ж: трэба працягваць змаганьне. І таму жадаю Вам патрэбных у гэтым змаганьні мужнасьці і вытрываласьці, гордасьці нашай спадчынай ды веры ня толькі ў свае сілы, але і ў сілы ўсяго беларускага народу.

Хацела б адначасна падзяліцца думкамі пра нашую найбольшую патрэбу – еднасьць.

Трагедыя нашага народу – як на Бацькаўшчыне, так і на чужыне – гэта адсутнасьць між намі адзінства і салідарнасьці. Думаю, што выплывае гэта з нашага скрайняга індывідуалізму. Дзіўны парадокс беларускае натуры: беларус памяркоўны ў дачыненьні да чужых, але часта вельмі непамяркоўны ў дачыненьні да сваіх. На дзіва, гістарычна гэта не ператварылася ў неталерантнасьць нашага народу.

Затое на кожным кроку бачу, да чаго вядзе наша міжсобная непамяркоўнасьць. Divide et impera – казалі рымляне: падзяляй і пануй. Гэта зразумелі ўсе калянізатары, усе імпэрыі. Перад тым, як пачаць сьціраць гістарычную памяць народу, перад тым, як адбіраць у яго рознымі спосабамі ягоныя каштоўнасьці, каб лягчэй было яго паняволіць, яго дзеляць. Нас дзялілі і адны, і другія шмат разоў. Дзялілі нашую тэрыторыю, дзялілі нас на ўсходніх і заходніх, на праваслаўных і каталікоў на працоўных і паноў і г.д, і г.д. Толькі з аднэй мэтай: каб лягчэй было нас падпарадкаваць ды сьцерці як нацыю з паверхні зямлі.

Сёньня заклікаю кожнага палітычнага і арганізацыйнага лідэра: яднайце людзей вакол ідэалаў 25-га Сакавіка і яднайцеся між сабою. Незалежнасьці паасобку мы не абаронім. Рэжыму паасобку ня зьменім. Дабрабыту нашага народу паасобку мы не дасягнем.

Адзін вельмі дарагі мне сьвятар прыгадаў аднойчы народную мудрасьць – прыклад веніка, які лёгка паламаць галінка па галінцы, а які такі моцны, калі зьвязаны. Нядаўна пацьвердзілі гэта падзеі ў Югаславіі. Народ пазбыўся дыктатуры толькі тады, калі зьяднаўся ды выйшаў сотнямі тысяч на вуліцы Бялграду. Прыклад гэты, магчыма, цяжка ажыцьцявіць у Беларусі ў гэтым мамэнце, але калі хочам выжыць як нацыя, мусім цяпер ужо шукаць адзінства. Мы выратуем наш край і здабудзем той лад жыцьця, на які заслугоўваем, толькі разам – зьяднаныя.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG