(Фляйшэр: ) “Мы маем зьвесткі пра тое, што расейская капмпанія супрацоўнічала з ірацкімі войскамі, пастаўляючы ім сродкі глушэньня Глябальнай спадарожнікавай сыстэмы арыентацыі. Гэтая тэма абмяркоўвалася падчас сёньняшняй тэлефонай размовы прэзыдэнтаў Буша і Пуціна. Іншыя сюжэты тычыліся паставак прыбораў начнога бачаньня і супрацьтанкавых ракетаў”.
Паведамляецца, што нагодаю для званка Джорджа Буша Ўладзімеру Пуціну сталі справаздачы амэрыканскіх лётчыкаў, якія робяць баявыя вылеты ў Іраку. Яны засеклі спробы іракцаў запусьціць адмысловыя ўстаноўкі глушэньня сыгналаў спадарожнікаў сыстэмы арыентацыі. Гэтыя спадарожнікі ня толькі каардынуюць рух баявых самалётаў, але і каррэктуюць удары бомбаў і крылатых ракэтаў.
Паводле зьвестак газэты “Washington Post”, апублікаваных учора, упершыню амэрыканскі бок выказаў Маскве свой пратэст з нагоды паставак у Ірак гэтай сучаснай ваеннай тэхнікі яшчэ мінулым летам. Паводле газэты, Вашынгтон пайшоў на бэспрэцэдэнтны крок, часткова рассакрэціўшы свае разьведныя крыніцы і перадаўшы расейскаму боку імёны гандляроў, нумары кантрактаў і порты адпраўкі грузаў. У прыватнасьці, яшчэ тады называлася фірма “Авіяканвэрсія”, якая, паводле амэрыканскіх зьвестак, пастаўляла электроныя “глушылкі” Іраку.
У лютым, паведамляе “Washington Post” у тым жа артыкуле, амэрыканскія спэцслужбы заявілі расейскаму боку, што плянуецца пастаўка ў Ірак некалькіх тысячаў прыбораў начнога бачаньня. Газэта адзначае, што расейскія ўлады мелі ўсе магчымасьці спыніць угоду, але не зрабілі гэтага. Нарэшце, паводле зьвестак “Washington Post”, два месяцы таму тульскае канструктарскае бюро прыборабудаваньня паставіла ў Ірак вялікую партыю супрацьтанкавых ракэтаў тыпу “Карнэт”.
Аднак расейскі бок і тады, і зараз рашуча адхіляў абвінавачаньні. Учора ў адказ на заяву прэсавага сакратара прэзыдэнта ЗША кіраўнік расейскага МЗС Ігар Іваноў заявіў наступнае:
(Іваноў: ) “Перш за ўсё я хачу заявіць, што Расея цалкам выконвае свае міжнародныя абавязкі і ніколі не прадавала аніякага ваеннага і іншага абсталяваньня ў Ірак насуперак рэжыму санкцыяў”.
Сваю датычнасьць да паставак зброі і абсталяваньня ў Ірак адхілілі і кіраўнікі тульскага КБ і “Авіяканвэрсіі”, згаданыя ў амэрыканскіх абвінавачаньнях. Прадстаўнік “Авіяканвэрсіі”, праўда, прызнаў, што іракцы вельмі цікавіліся прадукцыяй кампаніі, але да продажу справа не дайшла.
Варта адзначыць, што абвінавачаньні тычацца паставак насуперак санкцыяў ААН расейскімі фірмамі, а не расейскай дзяржаваю. У выпадку, напрыклад, Беларусі і Ўкраіны Злучаныя Штаты абвінавачвалі ў незаконных пастаўках афіцыйны Менск і Кіеў. У выпадку Расеі справа ідзе не пра парушэньне санкцыяў расейскай дзяржаваю, а пра яе няздольнасьць спыніць незаконны гандаль расейскіх прыватных кампаніяў.
Спасылаючыся на чыноўнікаў амэрыканскай адміністрацыі, “Washington Post” паведамляе, што літаральна на мінулым тыдні ў Іраку зьявіліся прадстаўнікі расейскай фірмы “Авіяканвэрсія”, якія інструктуюць іракцаў, як карыстацца пастаўленым абсталяваньнем. Рэакцыю амэрыканскага боку на такія сурпрызы ад партнэра было няцяжка прадбачыць. Вось што заявіў з гэтай нагоды дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл:
(Паўэл: ) “Ужываньне гэтага ваеннага абсталяваньня дае новыя магчымасьці нашаму ворагу, магчымасьці, якіх у яго ня мусіць быць”.