Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ ІОСІФ КАБЗОН АДМЯНІЎ МЕНСКІ КАНЦЭРТ?


Ганна Соусь, Менск

Сярод тых, хто зьвярнуўся да Іосіфа Кабзона, вядомыя асобы Беларусі — акадэмік Радзім Гарэцкі, паэт Сяргей Законьнікаў, старшыня Ўсясьветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў Якаў Гутман, мастак Мікола Купава, рэжысэр Валеры Мазынскі, вядомыя навукоўцы й грамадзкія дзеячы Адам Мальдзіс і Юры Хадыка, нарадная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка ды іншыя.

У звароце гаворыцца, што “ў сфэры міжнацыянальных дачыненьняў Беларусь пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі наблізілася да нацысцкіх стандартаў”, пра што сьведчыць выданьне ў 1999 годзе кнігі “Вайна па законах нізасьці”. Аўтары звароту паведамілі Іосіфу Кабзону пра разбурэньне сынагогі на вуліцы Дзімітрава, пра будаўніцтва паркінгу ў гістарычнай частцы Менску, пра апаганьваньне Менскіх вайсковых могілак. Гаворыць ініцыятар звароту Якаў Гутман:

(Гутман: ) “Тыя, хто падпісаў гэты ліст, зьвяртаюцца да Кабзона, як да дэпутата Дзяржаўнай думы й выбітнага прадстаўніка расейскай культуры з просьба й аб падтрымцы нашай барацьбы за тое, каб у Беларусі спынілася прапаганда ксэнафобіі й разбурэньне гісторыка-культурных і рэлігійных каштоўнасьцяў. Яны зьвяртаюцца да Кабзона, каб ён выкарыстаў свой аўтарытэт, каб “кіраўніцтва Беларусі разгледзела закранутыя намі пытаньні напярэдадні вашага канцэрту ў Менску. У адваротным выпадку ці ня варта было б Вам адмяніць гэты выступ?”

Асабіста зьвярнулася зь лістом да Іосіфа Кабзона й народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, якая добра ведае сьпевака й неаднойчы вяла канцэрты зь ягоным удзелам.

(Бандарэнка: ) “Я напісала: “Паважаны Іосіф Давыдавіч, на жаль, няўдала абралі Вы дзень для свайго канцэрту ў Менску. Хутчэй за ўсё, Вы проста ня ведаеце, што 25 сакавіка ўсе свабодалюбівыя людзі Беларусі адзначаюць свой гістарычны Дзень Волі. А як паказвае практыка апошніх гадоў, усе акцыі ў Менску з нагоды Дня Волі заканчваюцца арыштамі й штрафамі. А Вы ж літаральна на наступны дзень даяце канцэрт, прысьвечаны так званаму дню яднаньня Расеі й Беларусі. Многія беларусы, якія шчыра й даўно любяць Вашую творчасьць, не зразумеюць Вашай пазыцыі, якая дэманструе салідарнасьць зь цяперашнім таталітарным рэжымам Беларусі”.

Сёньня ж я патэлефанавала ў офіс Іосіфа Кабзона ў Дзяржаўнай думе Расеі. Ягоная памочніца Сьвятлана Мядзьведзева адказала для Радыё Свабода наступным чынам:

(Мядзьведзева: ) “Іосіфу Давыдавічу перадалі зварот, ён азнаёміўся й паведаміў, што канцэрт 26-га адменены. Пасьля таго, як Іосіфу Давыдавічу паказалі гэта ўсё, вярнуўся дакумэнт зь яго рэзалюцыяй”.

Такім чынам, канцэрт адменены. Але ці быў ліст прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі адзінай прычынай гэтага? Як паведамілі Радыё Свабода ў кампаніі “Кляс-Клюб Джаз Крафт”, якая займалася арганізацыяй гастроляў расейскага сьпевака, квіткі на канцэрт Іосіфа Кабзона ў Палацы рэспублікі распрадаваліся кепска. Яны каштавалі ад 20 да 100 тысяч рублёў, што для прыхільнікаў Кабзона (а гэта збольшага людзі сталага ўзросту) вельмі дорага.
XS
SM
MD
LG