Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КУРС ПРОДАЖУ НАЯЎНАГА ДАЛЯРА ДАСЯГНУЎ 2 ТЫСЯЧАЎ РУБЛЁЎ


Натальля Раковіч, Менск

Спажывецкія кошты цяпер падвышаюцца прыкладна ўдвая хутчэй, чым абясцэньваецца нацыянальная валюта. Гэта спараджае шмат цяжкасьцяў для беларускіх экспартэраў, якія церпяць страты з тае прычыны, што даляр не расьце. Паводле Валерыя Дашкевіча, прамысловае лобі дамагаецца ад Нацбанку, каб рубель дэвальваваўся хутчэй. Аднак зь іншага боку, беларускія грашовыя ўлады маюць абавязкі перад Цэнтрабанкам Расеі, таму вымушаныя трымаць курс. Зрэшты, экспэрт лічыць, што рэсурсаў для такога штучнага ўтрыманьня ў Беларусі няшмат.

(Дашкевіч:) Хоць у Нацыянальнага банка і ўрада цяпер ёсьць пэўныя валютныя рэзэрвы, большая частка якіх сфармаваная за кошт продажу акцыяў “Слаўнафты”, але для продажу на валютным рынку, для валютных інтэрвэнцыяў на нашай валютнай біржы грошай ня так і шмат. І калі сытуацыя будзе разьвівацца ў тым рэчышчы, як сёньня, то дзесьці да траўня-чэрвеня, грошай на падтрымку курса беларускага рубля ўжо ня хопіць.

Спадар Дашкевіч выказвае меркаваньне, што ў такім выпадку Нацбанк будзе альбо прасіць ва ўраду дазволу скарыстаць грошы ад продажу акцыяў “Слаўнафты” – гэта прыкладна 209 мільёнаў даляраў, – альбо шукаць замежныя крэдыты, хаця б ад Расеі. Але пакуль адмыслоўцы Нацбанка яшчэ могуць кантраляваць абменны курс рубля.

Аднак балянсаваньне паміж інтарэсамі прамыславікоў, што настойваюць на хуткай дэвальвацыі, і патрабаваньнямі Расеі можа прынесьці непрыемнасьці тым беларускім грамадзянам, якія маюць уклады ў банках. Нацбанк увесь час паніжае стаўку рэфінансаваньня. З 17 сакавіка яна складае 37 адсоткаў гадавых. З аднаго боку – крэдыты для прадпрыемстваў таньнеюць, зь іншага боку – насельніцтву робіцца невыгодна трымаць грошы ў банках, бо працэнты робяцца ніжэйшымі. Бліжэйшым часам насельніцтва можа пачаць забіраць свае грошы з банкаў і мяняць іх на даляры, а гэта таксама ўдар па курсе нацыянальнай валюты, лічыць Валеры Дашкевіч.

Камэнтуючы сытуацыю з хістаньнем курса амэрыканскага даляра, зьвязанага з вайной у Іраку, экспэрт адзначыў, што для беларускай эканомікі ніякай падвышанай небясьпекі тут няма: даляр усё адно будзе расьці ў дачыненьні да рубля. Да таго ж, спадар Дашкевіч ня раіць пераводзіць свае даляравыя ашчаджэньні ў эўра – валюту, якая цяпер каштуе больш, чым даляр. Пасьля заканчэньня вайны, пазыцыі амэрыканскай валюты зноў умацуюцца.

(Дашкевіч:) Асноўную долю кантрактаў на аднаўленьне Ірака атрымаюць амэрыканскія кампаніі. Ім жа дастанецца распрацоўка асноўных нафтавых радовішчаў Ірака. Я мяркую, у гэтай сытуацыі даляр рэзка пойдзе ўверх у дачыненьні да іншых валют, у тым ліку і эўра. Тым болей, што становішча заходнеэўрапейскай эканомікі аб’ектыўна горшае за стан амэрыканскай эканомікі на сёньняшні дзень.

Такім чынам, Валеры Дашкевіч прагназуе, што ў бліжэйшыя год ці два даляр застанецца самай стабільнай валютай у сьвеце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG