Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАПЯРЭДАДНІ ДНЯ ВОЛІ “БЕЛГІДРАМЭТ” ЗАГАВАРЫЎ ПА-БЕЛАРУСКУ


Ігар Карней, Менск

Раніцай сьвяточнага дня мы паталефанавалі на менскі нумар 095 і на добрай беларускай мове атрымалі адказ, якім надвор’ем радуе менчукоў прырода ў День Волі.

(Аўтаадказьнік мэтэаслужбы: ) “У Менску 2 градусы цяпла. Вецер паўночна-заходні, 2–4 мэтры за сэкунду. Ціск 742 мілімэтраў, вільготнасьць 71%. Удзень чакаецца пераменная воблачнасьць, без ападкаў; раніцай месцамі галалёдзіца. Максымальная тэмпэратура паветра +10 градусаў. Ціск істотна ня зьменіцца”.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў не хавае задавальненьня з гэтай, як ён называе яе, невялічкай, але перамогі.

(Трусаў: ) “У дзень сьвята Беларусі, Дня Волі, вельмі добра пачуць прагноз надвор’я па-беларуску. І калі вы набярэце нумар 095, то пачуеце, якое сонечнае і цёплае надвор’е даў нам Бог на гэты цудоўны дзень — 25 сакавіка. Але атрымаць гэта было ня так проста. Спачатку нам адказвалі, што гэта немагчыма тэхнічна, потым казалі, што магчыма, але няма грошай. І толькі за некалькі дзён да 25-га мы дамагліся таго, што мае любая цывілізаваная краіна, — і аўтаадказьнік дае інфармацыю на мове тытульнай нацыі”.

Алег Трусаў кажа, што найбліжэйшым часам ТБМ будзе зьвяртацца з просьбай загаварыць зь людзьмі па-беларуску і астатнія даведачныя службы краіны.
XS
SM
MD
LG