У Гданьску сьвяткаваньне Дня Волі распачалося з ускладаньня кветак да магілаў выбітных беларсаў, што пахаваныя на тамтэйшых могілках. Сярод іншых, кветкі ляглі і на магілу Лукаша Дзекуць-Малея – добра вядомага на ўзьбярэжжы беларускага рэлігійнага дзеяча.
Пазьней, сябры беларускага культурнага таварыства “Хатка” – арганізацыі, што ад 1990 году ладзіць сьвяточныя імпрэзы да Дня Волі, адкрылі адмысловую мастацкую выставу, прымеркаваную да гэтай даты.
Варта адзначыць, што на балтыйскім узьбярэжы Польшчы жыве даволі шмат беларусаў, бо пасьля таго, як па сканчэньні другой сусьветнай вайны гэтыя землі адышлі да Польшчы, туды на падставе дамовы з савецкімі ўладамі масава перасяляліся жыхары з Гарадзеншчыны і Віленшчыны, якія дэкляравалі польскае паходжаньне. Добрая частка перасяленцаў назваліся тады палякамі толькі дзеля таго, каб атрымаць магчымасьць выехаць са сталінскага Савецкага Саюзу.
Паводле неакторых дадзеных, больш за 30% цяперашніх насельнікаў Гданьску, Гдыні ці Сопату паходзяць зь Беларусі або Літвы.
Сьвяточныя мерапрыемствы, прысьвечаныя 85-м угодкам абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспубікі, працягнуцца ў чацьвер ўжо ў Варшаве, дзе Інстытут Беларускай культуры традыцыйна ладзіць урачыстую вечарыну і канцэрт. Гэтым разам, перад варшавянамі выступіць знаны беларускі гурт “Стары Ольса”.