Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ПРАВА ВЫБІРАЦЬ І БЫЦЬ АБРАНЫМ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Шынкарык згадвае, як праходзіла датэрміновае галасаваньне на ўчастку, дзе ён балятаваўся:

(Шынкарык: ) “Яны ня бралі з сабой назіральнікаў, нікога. Садзіліся ў машыну і праз паўгадзіны вярталіся з вынікам, што ўжо прагаласавала 158 чалавек. А ўжо тады запрашалі назіральніка і ехалі зь ім у іншы дом. Але там чамусьці за дзьве гадзіны абыходзілі толькі 30 кватэраў”.

Акруга, у якой балятаваўся прадпрымальнік Ігар Шынкарык, прыпадае на раён трактарнага заводу Менску. Збольшага тут жывуць дзейныя альбо былыя працаўнікі заводу. Канкурэнтам Ігара Шынкарыка таксама быў супрацоўнік МТЗ, прычым адказны.

Але нават пры такой вялікай перавазе Ігар Шынкарык, адзіны з прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў у Менску здолеў прабіцца ў другі тур выбараў. Аднак там, мяркуе ён, шанцаў на перамогу ўжо было вельмі мала, бо ўлады задзейнічалі адміністрацыйны рэсурс. Каб забясьпечыць сабе свабоду дзеяньняў падчас папярэдняга галасаваньня, былі адпаведна сфармаваныя ўчастковыя камісіі, мяркуе Ігар Шынкарык.

(Шынкарык: ) “Усяго на выбарчай акрузе было 14 участкаў, зь іх 11 цалкам скамплектаваныя і ўзначаленыя супрацоўнікамі Менскага трактарнага заводу, і толькі тры камісіі не трактаразаводзкія. Цікава, але такім самым аказаўся і вынік галасаваньня, у прапорцыі 3 да 11. На ўчастках, сфармаваных з прадстаўнікоў маторнага заводу, я перамог, а трактарнага, з розным лікам, але перамог мой канкурэнт. Яны проста рабілі там што заўгодна, што ім было загадана”.

Кандыдат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігар Шынкарык ужо на другі дзень накіраваў скаргі ў гарадзкую і Цэнтральную выбарчыя камісіі, а таксама ў гарадзкую пракуратуру і нават КГБ. Ён прасіў разабрацца з парушэньнямі і заяўляў, што ў яго ёсьць зьвесткі пра ціск на старшыняў участковых камісіяў з боку адміністрацыі МТЗ.

Мінула два тыдні — і што? Пакуль адказалі толькі з пракуратуры Менску, паведамілі, што скаргу перадалі для рэагаваньня ніжэй, у раённую пракуратуру. А тая маўчыць, гэтак сама як і кантралёры з выбарчых камісіяў. Між тым, канкурэнт Ігара Шынкарыка ўжо зацьверджаны дэпутатам, і таму Ігар зрабіў выснову, што ўжо ніякі суд гэтага рашэньня не адменіць.

Дарэчы, мала хто з назіральнікаў сумняваўся, што парушэньняў выбарчага закону цягам выбараў у мясцовыя саветы будзе дастаткова. Ужо падчас вылучэньня кандыдатаў улады прадэманстравалі, што дзеля дасягненьня сваіх мэтаў ні з чым лічыцца ня будуць. Але тое, якую пазыцыю занялі прадстаўнікі пракуратуры, зьдзівіла нават самых дасьведчаных.

Пра прыклады з выбарчай кампаніі на Гомельшчыне распавёў наш карэспандэнт Казімер Яноўскі:

(Яноўскі: ) “Ігар Забіран і Мікалай Агафонаў, дэмакратычныя кандыдаты ў дэпутаты з Рэчыцы, што бралі ўдзел у сакавіцкіх выбарах у раённы савет, сутыкнуліся зь нявырашальнай праблемай. На ўласным досьведзе яны пераканаліся, што ў краіне няма каму разабрацца ў фальшаваньні выбараў.

Спадар Забіран спрабаваў абрацца дэпутатам у акрузе №9. Аднак выбарцы двух дамоў гэтай акругі, што жывуць на вуліцы Спартыўнай, галасавалі за кандыдатаў у дэпутаты 10-й акругі.

Давераныя асобы Ігара Забірана выявілі неадпаведнасьць, паведамілі ў пракуратуру і Цэнтральную выбарчую камісію. Тым часам участковая камісія хадзіла са скрыняй у кватэры, каб людзі галасавалі нанова.

Рэчыцкі пракурор Віктар Будкоў у лісьце на скаргу спадара Забірана напісаў, што ў блытаніне вінаватая раённая выбарчая камісія. Яна падала непраўдзівыя зьвесткі на ўчастак №6. Аднак пытаньне пра скасаваньне выбараў пракурор ня ставіў, а зьвярнуўся ў тую ж раённую камісію з прапановай знайсьці віноўніка і прыцягнуць да адказнасьці.

Ня стала разьбірацца ў блытаніне і Цэнтральная выбарчая камісія. Яе старшыня Лідзія Ярмошына паведаміла кандыдату Забірану, што ягоная скарга дасланая… зноў-такі ў раённую камісію.

Спадар Забіран на гэта заявіў нашаму радыё:

(Забіран: ) “Ну як жа, ізноў адпіска — і ўсе справы”.

Яшчэ больш вынаходлівая ў другім туры галасаваньня была ўчастковая камісія №13 Гвардзейскай выбарчай акругі. Сьведчыць кандыдат у дэпутаты, кіраўнік аддзяленьня “Грамадзянскіх ініцыятываў” Мікалай Агафонаў:

(Агафонаў: ) “Адну скрыню для хатняга галасаваньня выкралі з участку. Яна зьявілася ўвечары за 20 хвілінаў да заканчэньня галасаваньня. Там, на нашых падліках, было каля 200 бюлетэняў за майго апанэнта. Тая скрыня і прынесла перамогу майму апанэнту”.

Пры гэтым нямоглыя выбарцы пісьмова паскардзіліся, што ўчастковая камісія не адрэагавала на іхныя заявы прагаласаваць дома.

Мікалай Агафонаў таксама падаў скаргі ў шэраг інстанцыяў з патрабаваньнем ануляваць вынікі выбараў. Аднак ён мяркуе, што, як і ў выпадку з Ігарам Забіранам, усе зноў заплюшчаць вочы на грубыя парушэньні”.


На гэта наш экспэрт Ігар Шынкарык заўважае, што пракуратура ў беларускіх умовах даўно нагадвае прыладу для выкананьня пэўных палітычных мэтаў, таму асабіста ён і не чакаў, што пракуроры пачнуць абараняць кагосьці зь незалежных кандыдатаў. Статыстыка дэманструе, што гэтага і не адбывалася. На думку Ігара Шынкарыка, для прадстаўнікоў апазыцыі перамагчы на выбарах паводле дзейнага закону вельмі праблематычна, бо і закон, і выбарчы апарат прыстасаваныя пад патрэбы кіроўных колаў, зацікаўленых адно ў захаваньні ўлады.

Пытаньне стаіць пра кардынальную зьмену выбарчага закону. У прыватнасьці, пра іншы, больш жорсткі мэханізм папярэдняга галасаваньня, пра парытэтнае фармаваньне выбарчых камісіяў, пашырэньне магчымасьцяў назіральнікаў за выбарамі й шмат іншае. Але ўлады дабраахвотна на гэтыя зьмены ня пойдуць, лічыць Ігар Шынкарык і прапануе праз палітычную барацьбу дамагацца ўнясеньня адпавеных зьменаў у выбарчы закон. Інакш правы выбарцаў і кандыдатаў у дэпутаты застануцца неабароненыя, як і было на нядаўніх выбарах, мяркуе сябар АГП Ігар Шынкарык.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG