Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЫНАМСІ 9 ЖАЎНЕРАЎ ЗША АПЫНУЛІСЯ Ў ІРАЦКІМ ПАЛОНЕ


Алеся Сёмуха, Вашынгтон

Як заявіў ірацкі міністар інфармацыі, чатыры схопленыя сёньня жаўнеры былі пілётамі двох падбітых ірацкімі фэрмэрамі шрубалётаў “Апачы”. Генэрал арміі ЗША Томі Фрэнкс абверг заяву Іраку пра зьбіцьцё двох шрубалётаў фэрмерамі, але пацьвердзіў, што адзін “Апачы” з двума амэрыканскімі пілётамі не вярнуўся зь місіі. Паводле камандаваньня ЗША, моцны абстрэл зь зямлі змусіў адзін шрубалёт зрабіць пасадку. Пілёты другога паспрабалі выратаваць экіпаж, але не змаглі наблізіцца да яго з-за моцнага абстрэлу, мусілі зрабіць пасадку, а пасьля вярнуліся на базу.

Ірацкая тэлевізія паказала кадры аднага шрубалёту пасярод поля. Вакол машыны радасна скакалі і размахвалі калашнікавымі цывільна апранутыя ірацкія мужчыны. Побач з шрубалётам былі паказаныя шаломы пілётаў, дакумэнты і паперы.

Вестка пра новых ваеннапалонных прыйшла празь дзень пасьля таго, як ірацкае дзяржаўнае тэлебачаньне і арабскі канал Аль-Жэзіра паказалі пяцёх захопленых жаўнераў з канвоя забесьпячэньня. Яны былі захопленыя пасьля таго, як зрабілі няправільны паварот і апынуліся ў цэнтры Ан-Насырыі. Усяго тым днём амэрыканцы недалічыліся 12 жаўнераў з атраду забесьпячэньня. Але дагэтуль невядома колькі іх загінула і колькі апынулася ў палоне.

Ірацкая тэлевізія паказала індывідуальныя гутаркі зь пяцьцю. Той жа самы відэаматэрыял паказваў пакой з чатырма забітымі целамі ў лужынах крыві. Прынамсі два забітыя мелі кулявыя прабоіны ў чэрапе, адзін – у паху. Амэрыканская тэлевізія трансьлявала толькі частку гэтага рэпартажу з-за гвалтоўнага характару кадраў. Пасьля гэтага паказу прэзыдэнт Буш выступіў з патрабаваньнем, каб Ірак выконваў Жэнэўскую канвэнцыю, якая вымагае гуманнага стаўленьня да ваеннапалонных. Ён сказаў: “Мы чакаем, што Ірак будзе ставіцца да нашых палонных гэтак сама гуманна, як і мы ставімся да іх палонных”.

Тым часам Міжнародны Камітэт Чырвонага Крыжа, які назірае за выкананьнем Жэнэўскай Канвэнцыі, заяўляе, што пакуль ані адзін, ані другі бок ня даў магчымасьці гэтай арганізацыі праінспэктаваць стан палонных і ўмовы ўтрыманьня. Абодва бакі, паводле прадстаўніка Чырвонага Крыжа Муіна Касіса, парушылі артыкул 15 Канвэнцыі, паказаўшы ваеннапалонных па тэлевізіі.

Паказаныя ў тэлевізіі амэрыканскія палонныя выглядалі вельмі напалохана. Невядома, якім чынам яны былі, так бы мовіць, “падрыхтаваныя” да інтэрвію. Ці іх зьбівалі, ці ўзьдзейнічалі псыхалягічна. Да таго ж, гэта не жаўнеры перадавой, а забесьпячэньня. Адная жанчына, напрыклад, працавала вайсковым кухарам. Што да рэакцыі амэрыканскага грамадзтва, дык гэтыя кадры нагадалі многім пра катаваньні, якія іракцы прымянялі да ваеннапалонных у час вайны ў Пэрсыдзкай затоцы 1991 году. Тады ўвесь сьвет абляцелі фатаздымкі і відэазапісы жаўнераў са сьлядамі катаваньняў. Адзін з тых жаўнераў мусіў перад камэрай асудзіць дзеяньні свайго ўраду. Дарэчы, інтэрвію з былымі амэрыканскімі ваеннаслужачымі, якія прайшлі праз ірацкія катавальні, было паказанае ў нядзелю. Іхныя сьведчаньні гавораць пра тое, што дзеля дасягненьня сваіх мэтаў рэжым Садама ня спыніцца перад самымі жахлівымі метадамі.

Цяжка нават уявіць, што зараз перажываюць сваякі захопленых. Некаторыя казалі, што яны былі шакаваныя, калі ўбачылі сваіх родных ў тэлевізіі ў ірацкім палоне. Іншыя сказалі, што яны радыя, што іх сваякі жывыя і спадзяюцца на гуманнае стаўленьне да іх. Але менавіта такія сцэны будуць хутчэй за ўсё і надалей эксплюатавацца ірацкім рэжымам, бо яны моцна ўзьдзейнічаюць на настроі ў вольных краінах, дзе падобныя кадры людзі чакаюць пабачыць толькі ў кінатрылерах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG