Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЫ ЧЭХІІ АДЗНАЧЫЛІ 85-ГОДЗЬДЗЕ БНР


Галіна Прыгара, Прага

Сёлетнюю ўрачыстую акадэмію, прысьвечаную 85-м угодкам БНР, распачаў намесьнік старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык. Ён зачытаў прывітаньні ад Згуртаваньня беларусаў Велікабрытаніі, ад беларускіх арганізацыяў з Канады і Аўстраліі. Свае віншаваньні даслалі адзін зь лідэраў беларускай дыяспары ў Францыі Лявон Шыманец, а таксама сусьветна вядомы навуковец Барыс Кіт, які жыве ў Нямеччыне. Шмат якія асяродкі беларускага замежжа запрасілі на сьвяткаваньне старшыню Рады БНР Івонку Сурвіллу, але яна абрала менавіта Прагу. Я запыталася ў спн. Сурвіллы, чаму яна вырашыла прыляцець праз акіян з Канады ў Эўропу, чаму менавіта ў Прагу.

(Сурвілла: ) “Прага – таму што ў гэтым годзе юбілей, вялікае сьвята, і сюды зьяжджаецца шмат нашых суродзічаў і зь Беларусі, і зь іншых краінаў Эўропы, наагул, гэта такое сусьветнае сьвяткаваньне, так што тут вельмі прыемна быць”.

У сваім прывітальным слове да беларусаў Прагі Івонка Сурвілла заклікала ўсіх беларусаў сьвету аб’яднацца дзеля Бацькаўшчыны. Віталі беларусаў у Празе пісьменьнік Валянцін Тарас, дэпутат Пухавіцкага раённага савету Алесь Міхалевіч, старшыня Чэскай суполкі беларусаў імя Скарыны Ганна Сурмач. Прадстаўнік чэскага фонду “Чалавек у нядолі” Любаш Вэсэлы ў сваім звароце да беларусаў Прагі павіншаваў усіх са сьвятам і пажадаў, каб наступныя ўгодкі БНР, альбо хоць бы 90-я ўгодкі, беларусы адзначалі ўжо ў вольнай Беларусі.

На ўрачыстай акадэміі ў Празе выступіў Васіль Быкаў, які сёлета ўзначальвае Ўсебеларускі камітэт сьвяткаваньня ўгодкаў БНР. Гаворыць Васіль Быкаў:

(Быкаў: ) “Дарагія беларусы, шаноўныя нашы госьці! 85 гадоў таму ў слотны й шэры дзянёк на зачыне вясны беларусы зьдзейсьнілі цуд. Не, яны не панішчылі ворагаў, не вызвалілі краіну, не дамагліся свабоды, – але яны запалілі кволую сьвечку надзеі. Пры яе сьціплым сьвятле яны, як маглі, і змагаліся з бальшавіцкай навалай, з фашыстоўскай акупацыяй, з роспаччу і паняверкай, што за стагодзьдзі ўкараніліся ў гаротным народзе.

Мы ўсьцешаны, што гэтая сьвечачка гарыць і дасюль, і хоць яе зыркі агеньчык слаба сьвеціць, часам капціць і ня грэе, але ён дае спадзяванак шмат якім пакаленьням беларусаў на сьвятло і цяпло, на свой дом і сваю сям’ю. Тое, без чаго ў гэтым драпежным сьвеце нікому няма і ня будзе жыцьця.

Дык няхай яна гарыць, нашая кволая спадзяванка, якую мы песьцім і тулім, ашчаджаем і беражэм, як лепшыя зь беларусаў яе бераглі да нас з думкай: а раптам яна ўспыхне сонечным зьзяньнем, калі надарыцца спрыяльны для таго час. Бо, калі ня будзе таго хай абе слабога агеньчыку, ня ўспыхне нічога. І для нас настане вечная ноч. Але мы ня хочам вечнай начы, мы – божае стварэньне людзі, і маем права на боскую долю.

Памажы нам, Гасподзь!

Жыве Беларусь!”
XS
SM
MD
LG