Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“РАСЕЙСКАЕ КІРАЎНІЦТВА ЗДОЛЕЛА ЎМАЦАВАЦЬ ТОЕ, СУПРАЦЬ ЧАГО ЧАЧЭНСКІ НАРОД ЗМАГАЎСЯ 12 ГАДОЎ”


Юры Дракахруст, Прага

Сёньня прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, камэнтуючы вынікі рэфэрэндуму, заявіў, што “народ Чачэніі зрабіў выбар на карысьць міру і разьвіцьця разам з Расеяй. Прадстаўнікі чачэнскіх паўстанцаў заявілі, што рэфэрэндум ня мае юрыдычнай сілы. Сп-р Дукаеў, на Ваш погляд, якое палітычнае значэньне мае рэфэрэндум, які адбыўся ўчора ў Чачэніі?

(Дукаеў: ) “Палітычнае значэньне рэфэрэндуму палягае ў тым, што кіраўніцтва Расеі і прамаскоўскае кіраўніцтва Чачэніі нарэшце здолела заканадаўча аформіць факт уваходжаньня Чачэніі ў склад Расеі. Тое, супраць чаго чачэнскі народ змагаўся 12 гадоў, расейскае кіраўніцтва здолела ўмацаваць заканадаўчым шляхам”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Дукаеў, наколькі сапраўднымі Вам падаюцца афіцыйныя вынікі галасаваньня? 71% яўкі, 96% галасоў ў падтрымку новай Канстытуцыі – гэта 68% ад ўсяго насельніцтва”.

(Дукаеў: ) “Ад 1991 году Чачэнія жыла паводле сваёй Канстытуцыі , згодна зь якой яна ёсьць сувэрэннай дзяржаваю. Чачэнія ніколі не падпісвала з Расеяй фэдэратыўнай дамовы. У 1997 годзе Чачэнія абрала прэзыдэнта і парлямэнт. Гэтыя выбары былі прызнаныя законнымі ня толькі міжнароднымі назіральнікамі, але і самой Расейскай Фэдэрацыяй. З абраным кіраўніком Чачэніі Масхадавым падпісваліся дамовы ў Крамлі. Мэтаю рэфэрэндуму і было якраз скасаваньне гэтых нязручных рэчаў – касуецца Канстытуцыя, дзе гаворыцца пра незалежнасьць Чачэніі, касуецца законна абраны народам лідэр. Зараз адчыняецца шлях да новых прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў.

Што тычыцца лічбаў яўкі, то ў выбарчыя сьпісы было ўнесена больш за 500 тысячаў выбаршчыкаў. Але нават у самыя лепшыя даваенныя гады ў Чачэніі не было столькі выбаршчыкаў. Зразумела, у сьпісы ўнесеныя вайскоўцы, але туды не патрапілі дзясяткі тысячаў людзей, якія выехалі з Чачэніі ў Расею і ў іншыя краіны. Так што гэтыя лічбы даволі сумнеўныя. Ну а тое, што за Канстытуцыю прагаласавала 96%, гэта ўвогуле нагадвае добрыя савецкія часы”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Дукаеў, Вы сказалі, што рэфэрэндум адчыняе шлях да новых выбараў. Як Вы мяркуеце, ці будуць паўстанцы ўдзельнічаць у іх?”

(Дукаеў: ) “Сілы супраціву, зразумела, ня прымуць вынікі гэтага рэфэрэндуму. Чачэнскі лідэр Аслан Масхадаў заявіў у інтэрвію нашаму радыё, што баявыя апэрацыі будуць працягвацца, вайна ня спыніцца, пакуль, паводле ягоных словаў, апошні расейскі салдат не сыдзе з чачэнскай зямлі. Мне здаецца, што ў чачэнскай сытуацыі пасьля рэфэрэндуму нічога ня зьменіцца. Хутчэй за ўсё вайна, будзе працягвацца”.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG