(Вячорка: ) “Акцыя, прысьвечаная 85-м угодкам 25 сакавіка — абвешчаньню незалежнасьці БНР, — у Менску павінна адбыцца на пляцы Якуба Коласа. Збор у 17.30. Акцыя пачнецца з ускладаньня кветак, пасьля чаго (як мы меркавалі папярэдне) мела адбыцца шэсьце ад помніка Коласу да помніка Купалу. Рашэньне пра далейшую хаду імпрэзы будзе прымацца ўжо непасрэдна на месцы. Таксама ў некалькіх залях у Менску адбудуцца сьвяточныя канцэрты, паседжаньні, сьвяточныя імпрэзы”.
(Карэспандэнт: ) “Што да шэсьця — ці не пабойваецеся вы, што яго напаткае той самы лёс, што й нядзельнага, калі менская міліцыя разагнала імпрэзу на пляцы Незалежнасьці?”
(Вячорка: ) “Мы ад самага пачатку меркавалі, што збор на пляцы Якуба Коласа не павінен справакаваць неадкладнага, гвалтоўнага разгону. Наша задача — гэта ўсё ж такі забясьпечыць годнае ўшанаваньне выдатнага юбілею. Таму ніякіх дзеяньняў, якія маглі б правакаваць улады на неадэкватную рэакцыю, мы рабіць ня будзем.
Я лічу, што тая невялікая колькасьць людзей, якія сабраліся, абсалютна не павінна была цягнуць за сабой такія брутальныя дзеяньні сілавых структураў. І, безумоўна, гэта была акцыя чыстага застрашваньня перад 25 сакавіка”.
(Карэспандэнт: ) “Пасьля гэтых падзеяў — што вы думаеце пра раздвоенасьць сьвяткаваньня сёлетняга Дня Волі?”
(Вячорка: ) “Штогод Дзень Волі ў Менску сьвяткаваўся рознымі групамі ў розных месцах”.
(Карэспандэнт: ) “Вы лічыце гэта нармальным?”
(Вячорка: ) “Я лічу, што, відаць, гэта ў пэўным сэнсе непазьбежна”.