Лінкі ўнівэрсальнага доступу

CЬВЯТОЧНЫЯ МЕРАПРЫЕМСТВЫ З НАГОДЫ ДНЯ ДНЯ ВОЛІ АДБЫЛІСЯ Ў ПОЛЬШЧЫ

Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Урачысты сход у кавярні беластоцкага цэнтру культуры распачаўся з супольнага выкананьня гімну “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Пазьней з прывітальнай прамовай выступіў Яўген Вапа, старшыня Беларускага Саюзу ў Польшчы, арганізацыі, якая наладзіла імпрэзу.

Пазьней з гісторыяй станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці, гасьцей пазнаёміў вядомы беластоцкі гісторык, прафэсар Алег Латышонак. Паводле ягоных словаў, адной з прычынаў дрэннага становішча ў Рэспубліцы Беларусь ёсьць тое, што цяперашнія ўлады краіны ня хочуць быць пераемнікамі ідэяў 25-га сакавіка.

(Латышонак: ) “Калі хтосьці ня ведае, з чаго і адкуль пачалася дзяржава, у якой ён зьяўляецца прэм’ер-міністрам, дык нічога добрага можна не чакаць. Калі б Кебіч адчуваў сябе пераемнікам Язэпа Варонкі – першага прэм’ера БНР, напэўна, так марна б ня скончыў у выбарах з Лукашэнкам. Думаю, што і спадар Лукашэнка, які ня ведае скуль карані дзяржавы, якой ён кіруе, скончыць таксама, як і Кебіч”.

Дзень Волі ў Польшчы беларусы падпольна сьвяткавалі і ў паваенны час, аднак больш масава гэта пачалі рабіць студэнты Варшаўскага ўнівэрсытэту, што прыехалі зь Беласточчыны, у сярэдзіне 1980-х. Адным зь іх быў Яўген Вапа.

(Вапа: ) “У 1985 годзе, мы – студэнты Варшаўскага ўнівэрсытэту – наладзілі падпольнае сьвяткаваньне Дня Волі. Раней беларусы, якія па вайне з розных нагодаў уцяклі з савецкай Беларусі, таксама адзначалі 25 сакавіка, зьбіраліся на кватэрах. Але нашае пакаленьне ўжо іх не застала, таму трэба было распачынаць сьвяткаваць нанова. Потым мы перанесьлі сьвяткаваньне ў Беласток, і ад 1985 году Дзень Волі сьвяткуецца штогод. Гэта сьвята людзей вольных, якія вераць у тое, што Беларусь будзе вольнай, незалежнай і багатай краінай, каб мы як беларусы Польшчы маглі Беларусьсю ганарыцца”.

Паводле сябраў Беларускага Саюзу ў Польшчы, з кожным годам сьвяткаваньне Дня Волі становіцца ўсё больш масавым і цікавым. Сапраўды, калі зьвярнуць увагу хаця б на канцэртную праграму ўчорашняй імпрэзы, дык паводле колькасьці і разнастайнасьці выступоўцаў зь беластоцкім сьвяткаваньнем, напэўна, цяжка супернічаць.

(Дзеці: ) “Буквар беларускі прашу мне купіць,
І родную мову я буду вучыць!”

Пасьля дзетак зь беларускамоўнай групы дзіцячага садку, што ў Беластоку, выступалі ліцэісты:

(Ліцэісты: ) “Як маланка нада мной, зіхаціць над галавой
Сьцяг мой вольны, сьцяг мой сьмелы,
сьцяг мой бел-чырвона-белы”

Пазьней надыйшоў час на моладзевыя калектывы – гарадоцкі гурт “Рыма” і гурт “Зьнічка” з Гайнаўкі.

На заканчэньне прысутныя разам засьпявалі вядомую патрыятычную песьню “У гушчарах” на словы Натальлі Арсеневай.

На гэтым тыдні урачыстыя мерапрыемствы з нагоды ўгодкаў абвяшчэньня БНР адбудуцца яшчэ ў Гданьску і Варшаве.

Варта дадаць, што найстарэйшая арганізацыя беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшы – Беларускае грамадзка-культурнае таварыства, лідэры якога сымпатызуюць цяперашняму кіраўніцтву Беларусі, Дня Волі не сьвяткуе.
XS
SM
MD
LG