Удзельнікі: дырэктар Цэнтру па праблемах эўрапейскай інтэграцыі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Юры Шаўцоў і дацэнт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Віталь Сіліцкі
(Валер Карбалевіч: ) “Недзе зь лета мінулага году нават людзям, далёкім ад палітыкі, стала відавочна, што багдадзкі рэжым асуджаны. Тым ня менш, усе аглядальнікі зьвярнулі ўвагу на тое, што беларуска-ірацкія дачыненьні асабліва актывізаваліся менавіта пасьля таго, як ЗША выказалі цьвёрды намер зьмяніць рэжым Садама Хусэйна. Інтэнсыфікаваліся палітычныя, эканамічныя, гуманітарныя кантакты. Беларускія афіцыйныя асобы тлумачылі, што Беларусь мае значныя эканамічныя інтарэсы ў Іраку, распавядалі пра супрацоўніцтва ў нафтавай галіне.
Падаецца, што такая пазыцыя афіцыйнага Менску была ня вельмі рацыянальная. Які сэнс аб нечым дамаўляцца, падпісваць кантакты з уладай, якая зьнікне на працягу некалькіх месяцаў? А новая ўлада відавочна будзе антысадамаўская і праамэрыканская. І яна будзе з падазрэньнем ставіцца да краінаў, якія падтрымлівалі ранейшы рэжым і выступалі супраць ЗША. І новыя эканамічныя кантракты будуць заключацца пад амэрыканскім кантролем.
Гэтую сытуацыю можна параўнаць з косаўскім крызысам 1999 году. Тады таксама Беларусь рашуча падтрымала Югаславію, арганізавала гуманітарны канвой, Лукашэнка езьдзіў у Бялград, нават абмяркоўвалася пытаньне аб уступленьні Югаславіі ў саюз Беларусі й Расеі. А пасьля краху рэжыму Мілошавіча Беларусь (як, дарэчы, і Расея) страціла ўсялякія пазыцыі ў гэтай краіне, палітычныя дачыненьні замарожаныя, застаўся толькі невялікі аб’ём гандлю.
Ці не паўторыцца гісторыя? І колькі разоў можна наступаць на адны і тыя ж граблі?”
(Юры Шаўцоў: ) “Беларуская палітыка ў адносінах да Іраку была часткаю палітыкі адносна арабскага сьвету ўвогуле. Што цікавіць Беларусь на тым кірунку? Найперш гэта рынак зброі. А попыт на беларускую ці, дакладней, на беларуска-расейскую зброю большы не ў Іраку, а ў краінах Пэрсідзкай затокі. На самай справе з Іракам у Беларусі невялікія эканамічныя кантакты. Гэта першае.
Другое, усе дзяржавы імкнуліся апошнія гады “застаўбіць” сабе месца ў Іраку, карыстаючыся складанай сытуацыяй, у якой апынуўся Садам Хусэйн. У тым ліку Расея. І зараз ніхто ня кажа аб тым, што пасьля заканчэньня вайны Расея застанецца без тых кантрактаў, якія ўжо заключаныя ў Іраку расейскімі кампаніямі. Так і Беларусь імкнулася выкарыстаць мажлівасьць нешта зарабіць у Іраку”.
(Карбалевіч: ) “Хацеў бы зазначыць, што пазыцыя Беларусі ўсё ж адрозьніваецца ад пазыцыі Расеі ў ірацкім пытаньні. Расея падтрымлівае рэзалюцыі ААН адносна раззбраеньня Іраку. І крытыка ЗША з боку Расеі не такая жорсткая, як з боку Беларусі. А беларуская пазыцыя дакладна праірацкая і антыамэрыканская”.
(Віталь Сіліцкі: ) “Па-першае, мне здаецца, што на самой справе аб’ём і ўзровень беларуска-ірацкіх дачыненьняў ня вельмі вялікія. І аб’ём гандлю невялікі. Больш важны прапагандысцкі бок, палітычны кампанэнт гэтых дачыненьняў, асабліва з улікам характару беларускага лідэра.
Па-другое, магчыма, беларускае кіраўніцтва лічыла, што да вайны ўсё ж справа ня дойдзе. Яно пераацаніла ўплыў той часткі міжнароднай супольнасьці, якая выступала за мірнае рашэньне гэтага канфлікту.
Я згодны з вамі, спадар Карбалевіч, што пагроза вайны была відавочнай, і напярэдадні яе эканамічныя кантакты ня мелі ніякага сэнсу. Значыць, у людзей, якія прымалі рашэньне аб супрацоўніцтве з Іракам, была нейкая іншая сыстэма разьлікаў сытуацыі, чым у нас”.
(Карбалевіч: ) “Хацеў бы працягнуць гэтую апошнюю думку. Магчыма, уся праблема ў тым, што афіцыйны Менск кіруецца проста няправільнай ацэнкай сытуацыі. На гэтым тыдні падчас адказаў на пытаньні чытачоў дзьвюх газэтаў Лукашэнка выказаў думку, што вайна будзе зацяжной, ірацкая армія будзе моцна супраціўляцца, і амэрыканцы атрымаюць так моцна, што нават урад ЗША не ўтрымаецца ва ўладзе.
Хачу нагадаць, што вайна міжнароднай кааліцыі на чале з ЗША з Іракам у 1991 годзе пад назвай “Бура ў пустыні” зусім не пацьвердзіла моц ірацкай арміі.
Зноў жа, сёньняшнюю сытуацыю можна параўнаць з падзеямі 1999 году. І тады Лукашэнка сьцьвярджаў, што Югаславія не саступіць, яна будзе змагацца да канца, НАТО ня ўдасца яе зламаць. На справе закончылася ўсё тым, што Югаславія хутка капітулявала і выканала ўсе патрабаваньні заходніх краінаў. Наколькі ўзровень прагнозу ўплывае на прыняцьцё зьнешнепалітычных рашэньняў афіцыйнага Менску?”
(Шаўцоў: ) “Тут я, напэўна, з вамі пагаджуся. Шмат з тых людзей у беларускім кіраўніцтве, якія займаюцца прагнозам, жыве ў катэгорыях СССР. Яны забываюцца, што Расея — гэта не СССР, а саюз паміж Расеяй і Беларусьсю — гэта не Варшаўская дамова. І адсюль памылкі”.
(Сіліцкі: ) “На вашае пытаньне можна адказаць коратка: безумоўна, не. Але тут ёсьць такі аспэкт. Калі ўзяты на ўзбраеньне пэўны курс, калі прынятая пэўная рыторыка, у тым ліку зьнешнепалітычная, то зь іх ня так лёгка сысьці”.
(Карбалевіч: ) “Давайце абмяркум яшчэ адну вэрсію. Магчыма, такой пасьлядоўна праірацкай і антыамэрыканскай пазыцыяй Беларусь хоча заваяваць давер, атрымаць падтрымку, эканамічныя і палітычныя дывідэнды арабскага сьвету, мусульманскага сьвету, а калі шырэй — трэцяга сьвету. Калі сапраўды існуе такі разьлік, то наколькі ён рацыянальны?”
(Шаўцоў: ) “У пэўнай меры безумоўна рацыянальны. Але праблема ў тым, што патэнцыял тых рынкаў, якія добра адгукаюцца на антыамэрыканскую палітыку, ня надта вялікі. Размова ідзе пра Ірак, Іран, у пэўнай ступені, Сырыю.
А галоўны рынак — гэта арабскія краіны амэрыканскай сфэры ўплыву: дзяржавы Пэрсідзкай затокі, Эгіпэт ды іншыя. Таму трэба зазначыць, што беларуская палітыка ў дачыненьні да гэтага рэгіёну на самай справе больш складаная. Яна ня ёсьць толькі антыамэрыканскай.
Хацеў бы зьвярнуць увагу на каштоўнасны чыньнік у зьнешняй палітыцы Беларусі. На працягу апошніх дзевяці гадоў існуе моцны канфлікт каштоўнасьцяў паміж беларускім грамадзтвам і краінамі Захаду зь іх лібэральнымі каштоўнасьцямі. Шмат хто ў беларускіх кіроўных колах займае ірацыянальную антылібэральную пазыцыю. Антылібэралізм у ісьлямскіх краінах увасабляецца ў фундамэнталізм. А ён ідэйна ня вельмі блізкі той ідэалёгіі, якой прытрымліваецца беларускае кіраўніцтва. І гэта перашкаджае моцнаму саюзу”.
(Карбалевіч: ) “Адзінства каштоўнасьцяў — гэта важна. Але, можа, больш важна, каб стыкаваліся эканамічныя інтарэсы? Таму калі каштоўнасьці вынесьці за дужкі й паглядзець толькі на эканамічныя інтарэсы, то як тут выглядае сытуацыя?”
(Шаўцоў: ) “Мы імкнуліся зачапіцца за рынак, атрымалася ня вельмі ўдала. На самай справе зачапіліся ня столькі за ірацкі рынак, колькі за рынак краінаў Пэрсідзкай затокі”.
(Сіліцкі: ) “Што тычыцца пэрспэктываў супрацоўніцтва Беларусі з Іракам, то, я мяркую, вайна зьменіць увесь расклад у рэгіёне. Там будзе ўсталяваная амэрыканская гегемонія. І супрацоўніцтва з Іракам будзе абцяжаранае стасункамі Беларусі з рэжымам Садама Хусейна. І гэты рынак будзе падзелены і перадзелены без удзелу Беларусі.
Існуе іншы чыньнік. У Беларусі ствараюцца перашкоды на шляху арабскага капіталу. Не пусьцілі на рынак сотавай сувязі саудаўскую кампанію. Лібанскім бізнэсоўцам не дазволілі рабіць бізнэс у гатэлі “Плянэта”. Інакш кажучы, шмат залежыць ад варункаў эканамічнага разьвіцьця самой Беларусі. Яны накладваюць шмат абмежаваньняў на супрацоўніцтва і зь іншымі краінамі”.
(Карбалевіч: ) “Мне падаецца, што ўся праблема ў тым, што ў беларускім кіраўніцтве няма наогул ніякіх доўгатэрміновых альбо кароткатэрміновых разьлікаў, ня кажучы ўжо пра нейкую стратэгію. Ствараецца ўражаньне, што прынцыповыя рашэньні прымаюцца на падставе нейкіх эмацыйных рэакцыяў на падзею, прычым рэакцыяў аднаго чалавека”.