Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЗАТРЫМАЛІ БОЛЬШ ЗА 40 ЧАЛАВЕК, ЯКІЯ АДЗНАЧАЛІ ДЗЕНЬ ВОЛІ


Любоў Лунёва, Менск

Учора ў Ленінскі раённы аддзел міліцыі Менску прывезьлі 25 чалавек. Сярод іх лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец і арганізатары акцыі Вячаслаў Сіўчык і Валянцін Баранаў.

У Маскоўскі аддзел міліцыі прывезьлі 20 затрыманых. Сярод іх два непаўнагадовыя школьнікі. Аднаго, Зьмітра, амонаўцы схапілі ў Чырвоным касьцёле. Імі займаліся інспэктары па справах непаўнагадовых. Яны вагаліся, ці складаць адміністрацыйны пратакол. Насамрэч і школьнікаў, і астатніх міліцыянты затрымалі ля Чырвонага касьцёлу прэвэнтыўна, да пачатку акцыі. Таму не было падставаў складаць адміністрацыйныя пратаколы за парушэньне грамадзкага парадку.

Каля Чырвонага касьцёлу затрымалі й жонку Вячаслава Сіўчыка Ганну зь сямігадовым сынам Вітаўтам. Паводле адміністрацыйнага заканадаўства, непаўнагадовага ня маюць права ўтрымліваць больш за гадзіну без бацькоў. У гэтым выпадку бацькі самі трапілі ў міліцыю. Міліцэйскае кіраўніцтва вырашыла ўсіх затрыманых на плошчы Незалежнасьці адпусьціць.

У гарадзкі аддзел міліцыі Ленінскага раёну прывозілі затрыманых журналіста БелаПАНу Аляксея Шэіна і назіральніка “Вясны” Віталя Кошалева. Міліцыянты пратрымалі іх каля гадзіны і адпусьцілі. Ва ўпраўленьні ўнутраных справаў Ленінскага раёну сярод затрыманых было шмат жанчынаў. Некаторыя зь іх пацярпелі ад амонаўцаў падчас затрыманьня. Міліцыянты жанчын і мужчынаў сталага ўзросту адпусьцілі пад падпіску, каб самі прыйшлі ў панядзелак у міліцыю. Адтуль іх павязуць у суд.

Арганізатараў акцыі Вячаслава Сіўчыка і Валянціна Баранава будуць судзіць паводле другой часткі сумнавядомага 167 артыкулу. Ім пагражае вялікі штраф альбо арышт ад 10 да 15 сутак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG