У пятніцу Аляксандар Лукашэнка зрабіў заяву з нагоды 60-х угодкаў хатынскай трагедыі. Але большая частка гэтай заявы была прысьвечаная тэме Іраку. Спадар Лукашэнка заявіў, што “падзеі ў Хатыні — сутнасьць кожнага агрэсара”, што ён бачыў “твар цяперашняга агрэсара ў Югаславіі, а цяпер мы ўсе бачым гэты твар у Іраку”.
Аляксандар Лукашэнка сказаў, што аналіз і ўрокі цяперашніх падзеяў яшчэ наперадзе, але ўжо сёньня ясна:
(Лукашэнка: ) “З-за вайны ў Іраку разбураная сыстэма сьветаўладкаваньня, роля Рады Бясьпекі ААН зьведзеная да нуля, кінутае пад ногі міжнароднае права, парушаны прынцып недапушчальнсьці навязваць звонку любому народу сыстэму кіраваньня й улады. Беларускі народ асуджае агрэсію Злучаных Штатаў. Гэтаксама як і бальшыня народаў і дзяржаваў сьвету, сярод якіх нават найбліжэйшыя саюзьнікі ЗША. Мы ня можам безуважна глядзець на трагедыю соцень тысяч людзей, чыя віна палягае толькі ў тым, што яны жылі па сваіх, а не па чужых законах”.
Аляксандар Лукашэнка заявіў таксама: “З народам Іраку нас зьвязвае шматгадовае й моцнае сяброўства”. Ён нагадаў, што ў савецкі час у Беларусі вучылі ірацкіх дактароў і інжынэраў, а беларускія геолягі ды іншыя адмыслоўцы добра ведалі Ірак. Спадар Лукашэнка адзначыў дынамічнасьць двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва з Іракам у апошнія гады й сказаў:
(Лукашэнка: ) “Сёньня мы ня можам пакінуць ірацкі народ у бядзе. Ірацкія дзеці, жанчыны й старыя, якія пацярпелі ад амэрыканскай трагедыі, мусяць адчуць наш клопат і нашу дапамогу. Разам зь пераважнай бальшынёй дзяржаваў сьвету мы падтрымаем народ Іраку ў гэтыя трагічныя дні”.
З гэтай заявай Аляксандра Лукашэнкі ад імя ўсяго беларускага народу катэгарычна ня згодны лідэр Беларускага Народнага Фронту Вінцук Вячорка:
(Вячорка: ) “Па-першае, беларускі народ пазбаўлены магчымасьці выказваць сваё меркаваньне праз апытаньні грамадзкае думкі, праз выбары, праз рэфэрэндумы. Няма дэмакратычных мэханізмаў высьвятленьня, што сапраўды думае беларускі народ.
Па-другое, беларускі народ знаходзіцца ў інфармацыйнай аблозе афіцыёзных лукашэнкаўскіх і расейскіх тэлевізійных каналаў. І таму беларускі народ ня ў стане сфармаваць аб’ектыўнага ўяўленьня пра тое, што адбываецца ў сьвеце, у тым ліку ў Іраку, дзе сотні тысяч людзей зьнішчаныя сваім жа ўласным лідэрам, сваім фюрэрам — так, як гэта было ў гітлераўскай Нямеччыне альбо сталінскім Савецкім Саюзе.
Параўноўваць Хатынь зь цяперашняй ірацкай сытуацыяй, калі адбываецца міжнародная паліцэйская апэрацыя ўціхамірваньня агрэсара, ні ў якім разе нельга. Агрэсар — гэта Ірак. Ён напаў на Кувэйт”.