“Сымбаль веры”. 22 сакавіка
У наступнай перадачы сэрыі “Сымбаль веры” гаворка пойдзе пра тое, як ставіцца да вонкавай набожнасьці палітыкаў і згадак пра Бога і рэлігію ў тэкстах Канстытуцыяў? Ці гэта прымальна і нармальна, калі ў сваіх зямных мэтах палітыкі спасылаюцца на Бога і рэлігію? У перадачы ўдзельнічаюць гісторык Валянцін Голубеў і прафэсар філязофіі права і навукі аб дзяржаве Пётр Вінчорак. Вядзе перадачу Кастусь Бандарук.
“Па-за тактам”: Кампазытар з паралельнага вымярэньня. 22 сакавіка
Ларыса Сімаковіч — адзін з тых рэдкіх людзей у сучаснай беларускай музыцы, якія працуюць адразу ў некалькіх напрамках, але пры гэтым жывуць практычна ў паралельным рэчаіснасьці сьвеце. Тое, што яна робіць, часта парушае каноны і выклікае непрыняцьце нават спэцыялістаў. Зь непрадказальным і парадаксальным творцам гутарыць журналіст Зьміцер Падбярэскі.
“Праскі акцэнт”. 23 сакавіка
Якім будзе сьвет пасьля таго, як вайна ў Іраку скончыцца? Ужо зараз большасьць аналітыкаў прагназуюць, што геапалітычная сытуацыя шмат у чым зьменіцца. А якое месца ў новым стратэгічным раскладзе зойме Беларусь? Ці зьменіцца яе замежная палітыка? Ці ўзрастае ў новай сытуацыі пагроза незалежнасьці Беларусі з боку Расеі? Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркоўваюць у перадачы “Праскі акцэнт” старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і дырэктар беларускай рэдакцыі Радыё Свабода Аляксандар Лукашук. Вядзе перадачу Віталь Тарас.
“Вольная студыя”. 23 сакавіка
Даўней каваль быў адным з самых паважаных людзей на вёсцы. Зрабіць неабходнае ў гаспадарцы начыньне, падкаваць каня, назубіць серп мог толькі гаспадар кузьні, дзе, паводле фальклёру, мелі прытулак звышнатуральныя сілы. З прыходам на калгасныя двары электразваркі кавальства заняпала, але сёньня адраджаецца як мастацтва. Мастак-каваль з Горадні Юрась Мацко можа выкаваць двубой бусла зь дзьвюхгаловым арлом, крыж на купал старажытнага храма альбо ветранік з выявай аленя сьвятога Губэрта для былога каралеўскага замка. Праўда, апошні твор мастака ўзьняць на замкавыя шпілі ўлады не далі, і там па-ранейшаму знаходзяцца даўно патухлыя зоркі... Гутарку Міхася Скоблы зь Юрасём Мацком слухайце ў нядзельнай “Вольнай студыі”.
“Паштовая скрынка 111”. 23 сакавіка
У заўтрашняй праграме “Паштовая скрынка 111” вы пачуеце фрагмэнты лістоў, якія даслалі на Свабоду Любоў Яцэвіч з Маладэчна, Мікалай Лясовіч зь Менску, Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну, Іван Савіч зь вёскі Багданаўка Лунінецкага раёну і Андрэй Паско зь Берасьця.
У лістах, якія чытае і камэнтуе вядучы праграмы Валянцін Жданко, слухачы гэтым разам:
– выказваюць меркаваньні пра пачатак вайны ў Іраку і пра стаўленьне жыхароў Беларусі да ірацкага крызысу;
– разважаюць пра палітыкаў, якія ўтварылі апазыцыйную групу ў Палаце прадстаўнікоў і могуць скласьці канкурэнцыю Аляксандру Лукашэнку на наступных прэзыдэнцкіх выбарах;
– распавядаюць пра тое, як рыхтаваліся апазыцыйныя акцыі, прысьвечаныя Дню Волі 25 сакавіка;
– дзеляцца заўвагамі пра некаторыя праграмы Беларускай Свабоды.
Тэксты гэтых ды іншых перадач чытайце на сайце на наступным тыдні.